Чаму Лукашэнка дагэтуль не адолеў карупцыю?


«З першых сваіх прэзідэнцкіх выбараў я ясна народу сказаў: «Карупцыі ў Беларусі быць не можа», – так пачынаў Лукашэнка пужаць карупцыянераў.

А потым Аляксандр Лукашэнка казаў і казаў…

«Пагаршэнне справаў у барацьбе з гэтым страшным злом», – канстатаваў кіраўнік краіны.

Гэта ў дзве тысячы дзявятым.

«У барацьбе з карупцыяй мы ўсё ж крыху не дапрацоўваем», – скардзіўся Лукашэнка.

Потым у дзве тысячы дванаццатым.

«Не дай бог у вашых ВНУ мы знойдзем нейкую там карупцыю», – перайшоў на пагрозы.

А гэта ўжо – у дзве тысячы чатырнаццатым. Мантра не сціхае. А карупцыя – квітнее.

«Я ж папярэдзіў усіх: хлопцы, глядзіце, літасці не будзе ні для кога», – усё працягваў Лукашэнка.

Каста недатыкальных

На словах адно – на справе іншае. Днямі на свабоду выйшаў былы кіраўнік Салігорскага раёну Аляксандр Рымашэўскі. Хоць у снежні ён атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за хабар.

«У нас ёсць каста недатыкальных. Гэта людзі, якія ў рэестры лукашэнкаўскім, і яны могуць красці, рабаваць, забіваць. То бок, яны не падпарадкоўваюцца беларускім законам, бо яны ведаюць, што выйдуць на свабоду максімум цягам года», – зазначае дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Сяргей Скрабец.

Сапраўды, выходзяць – ды нават атрымліваюць новыя пасады. Вось толькі некаторыя. Напрыклад, былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў атрымаў 6 гадоў. Выйшаў датэрмінова і быў прызначаны дырэктарам саўгасу. Былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Уладзімір Булай абвінавачваўся ў карупцыі. Цяпер дырэктар саўгасу. Былы намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімір Волкаў атрымаў 8 гадоў. Выйшаў датэрмінова, прызначаны кіраваць дырэкцыяй будоўлі аб’ектаў Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу.

Можна працягваць. Часта былыя кіраўнікі зноў займаюць кіроўныя пасады або ачольваюць калгасы.

«Калі старшыня кіруе калгасам, гэта кармушка для яго: ён атрымлівае адкаты за ўгнаенні, ён атрымлівае адкаты за запчасткі, ён атрымлівае адкаты… То бок, яму даюцца рабы, якія за сорак долараў працуюць на зямлі. Гэта, я б сказаў, такая баршчына: ты выйшаў з турмы – на табе вёску, на табе калгас, і далей крадзь», – лічыць Скрабец.

І калі пра карупцыю Аляксандр Лукашэнка крычыць гучна, то памілаванні адбываюцца ціха – калі не трапяць у незалежныя медыі.

«Якая б ні была эканоміка, чаго б мы ні рабілі, калі ў краіне карупцыя – усё, гэта іржа, якая будзе раз’ядаць усё», – працягвае кіраўнік Беларусі.

І гэтак дваццаць чатыры гады.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»