Чаму Кастусь Каліноўскі ахвяраваў сабою?


Яська Гаспадар з-пад Вільні, Васіль Світка, Вітажэнец, Хам, Хамовіч, Хамуціус, ён жа – Вінцэнт Кастусь Каліноўскі. Сёння – 180 гадоў з дня нараджэння палітыка, публіцыста, аднаго з кіраўнікоў антырасейскага паўстання 1863-64 гадоў, дзеяча адразу трох краінаў – Беларусі, Польшчы ды Літвы. Памяць Кастуся Каліноўскага суайчыннікі ўшанавалі на месцы ягонае смерці – паўстанца павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні ў сакавіку 1864-га.

«Ён ахвяраваў сваёй маладосцю не толькі каб беларусы, палякі, літоўцы здабылі сваю незалежнасць ад царскай Расеі, а каб пачыналася іх адраджэнне, каб яны ўсведамлялі сябе нацыяй», – тлумачыць Аляксандр Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай мовы ў Літве.

Каліноўскі першы заявіў: Беларусь мусіць быць самастойная

А мужыкі маюць са зброяй у руках ісці здабываць зямлю і сапраўдную волю.

Нават за савецкім часам імя Каліноўскага не трапляла ў апалу гэтак, як цяпер: падчас Другой сусветнай вайны беларускія партызаны называлі атрады ў ягоны гонар, да нядаўняга часу ордэнам імя Кастуся Каліноўскага ўзнагароджвалі за мужнасць і адвагу. Але летась Міністэрства адукацыі нібыта з прычынаў аптымізацыі праграмы парэкамендавала не ўключаць «Лісты з-пад шыбеніцы» ў праграму гісторыі Беларусі. Не святкуюць народзінаў рэвалюцыянера і на афіцыйным узроўні.

«Сённяшняя ўлада вымушаная глядзець на гэтае паўстанне з ідэалагічных поглядаў, таму Каліноўскі, асабліва на хвалі падзеяў 2006 года, паступова выштурхваецца з айчыннай гісторыі», – мяркуе гісторык Васіль Герасімчык.

Летась падчас упарадкавання пляцоўкі на гары Гедыміна ў Вільні літоўскія археолагі знайшлі неапазнаныя парэшткі чатырох – імаверна, удзельнікаў студзеньскага паўстання 1863-га. Магчыма, сярод іх ёсць парэшткі і Кастуся Каліноўскага, але браць удзелу ў даследаванні або проста цікавіцца яго хадою афіцыйны Менск не спяшаецца.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: govorim.by