Чаму экспарт якасных беларускіх сыроў стаў пасткай для эканомікі?


За 5 гадоў экспарт беларускіх сыроў вырас больш, чым у паўтары разы. Цяпер перад айчыннымі малочнікамі стаіць план давесці экспарт сыру да аб’ёму на мільярд долараў ужо налета.

Леанід Заіка, аналітычны цэнтр «Стратэгія»:

«Гэта ўвогуле самы важны тавар экспартавы. Гэта кропка ўразлівасці. Калі нехта адмовіцца ад нашых малочных тавараў, у Беларусі пачнецца павольны фінансавы крызіс. З пункту гледжання экспарту, так, прасоўванне, асабліва сыры – гэта доўгачасова».

Беларускія сыры пастаўляюцца ў больш як 20 краінаў свету, аднак асноўныя замежныя спажыўцы – постсавецкія краіны, куды ідзе больш за 90% усіх паставак. Бо пакуль з заходнімі вытворцамі сыру айчынным майстрам канкураваць усё ж складана.

Вольга Прыгарава, брэнд шэф «Мята Lounge»:

«На працы я сутыкаюся са шмат якімі сырамі: італьянскія, французскія, польскія, літоўскія і, натуральна, беларускія. Якасць адрозніваецца ў разы. Калі мы бяром элементарна пармезан – ён ёсць у кожным рэстаране, яго выкарыстоўваюць для прыгатавання салатаў і ўсяго астатняга, беларускі пармезан – няякасны. Я б нават сказала, што ён нясмачны, яго нельга назваць пармезанам. У яго няма вытрымкі, у яго няма васкавой корачкі».

А якія айчынныя сыры парэкамендавалі б замежнікам самыя беларусы?

«Расейскі, хутчэй за ўсё, самы нармальны».

«Беларускі з пажытнікам мне падабаецца».

«Шчыра кажучы, я люблю замежны сыр, таму я б ім парэкамендаваў есці свой, а не наш».

«Гарадзенскія і берасцейскія смачныя».

«Тыльзіцкі, самы смачны сыр нашага беларускага вытворцы», – кажуць жыхары Менску.

Насамрэч, палітра беларускіх сыроў апошнім часам істотна пашырылася і працягвае павялічвацца. Цяпер айчыннага спажыўца не здзівіш ужо ні расейскім маладым, ні сырам гаўда. Затое папулярнасцю карыстаецца яшчэ да нядаўняга часу не вядомы сыр з пажытнікам. Ён проста выдатна пасуе да кубачка моцнай кавы.

Уласна на навінкі і робіць стаўку Мінсельгасхарч, каб павялічыць экспарт. Паводле ж брэнд-шэфа кавярні «Мята лаўнж» Вольгі Прыгаравай, канкураваць на рынках постсавецкіх краінаў беларускія вытворцы могуць вельмі паспяхова за кошт лепшай якасці некаторых гатункаў сыру, папулярных там.

Вольга Прыгарава, брэнд шэф «Мята Lounge»:

«Ёсць вельмі смачны казіны сыр «Лізавецінскі», калі не памыляюся. Вельмі смачны казіны сыр па кошце ў тры разы меншым, чым яго італьянскі аналаг. Я асабіста сабе дамоў вельмі люблю браць сыр з пажытнікам – яго ведаюць усе. Першы раз паспрабавала на Камароўцы, купіла – застаўся ў маіх фаварытах. Са звычайных сыроў я яшчэ бяру гаўду».

Не дзіва, што беларускія сыры карыстаюцца попытам на расейскім рынку. Дзякуючы забароне на ўвоз гэтага прадукту з краінаў Еўразвязу, беларускія вытворчы амаль цалкам пазбавіліся канкурэнцыі. Праўда, на меркаванне эксперта аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, агульная карціна беларускага малочнага экспарту выглядае не так вясёлкава, як падаецца.

Леанід Заіка, аналітычны цэнтр «Стратэгія»:

«Тое, што датычыць прыбытку, – тут складана. У нас на сельскую гаспадарку ідзе 15 % бюджэту. Ну калі бюджэт хай 60 мільярдаў, 9 мільярдаў ідзе туды. То бок мы датуем сельскую гаспадарку. Тыя, хто есць нашую прадукцыю, сярод іншага, і расейцы, атрымліваюць яе танней. І мы датуем расейцаў, але аб гэтым маўчаць».

Выходзіць, што пры цяперашняй эканамічнай сістэме самі сабе падкладаем сыр у пастку, якую сваймі ж рукамі і паставілі.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu