Чаму беларускія мужчыны не спяшаюцца служыць у войску?


Крый Бог, канфлікт – палова мужыкоў не ведае, што такое зброя! Гэтак апісаў сітуацыю з вайсковаю падрыхтоўкай у краіне кіраўнік Беларусі. Але галоўнае пытанне: чаму беларускія мужчыны не спяшаюцца авалодаць вайсковымі навыкамі?

Падчас паседжання Савету бяспекі Аляксандр Лукашэнка занепакоіўся: за апошнія 10 гадоў прызыўнікоў паменела амаль удвая. Прычым рэч не толькі ў іхнай колькасці, але і ў якасці.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік Belarus Security Blog:

«У войска трапляюць людзі, якія стаялі на ўліку ў нарколага або псіхіятра, чаго раней не было. У войска трапляюць людзі, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за ўхіленне ад вайсковай службы, чаго таксама раней не было».

Вялікія пытанні да якасці не толькі салдацкага, але і афіцэрскага складу, адзначаюць эксперты. Гэтак, летась для паступлення ў Вайсковую акадэмію на спецыяльнасць «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» хапала 101 з чатырохсот балаў.

«Большасць людзей, каторых прызываюць на вайсковую службу, фактычна нематываваныя. У іх адсутнічае ўсякае жаданне выконваць свае задачы ды абавязкі. Перш за ўсё, бо яны не разумеюць, чаму яны паўтара года ці год свайго жыцця маюць прысвячаць войску. З другога боку, практычна адсутнічае сувязь паміж вайсковымі інстытуцыямі і грамадствам, каб растлумачыць гэтую патрэбу. Ну, і па-трэцяе, бачна, што сёння войска не выконвае сваю задачу – абараняць, навучаць людзей», – распавядае былы жаўнер Зміцер Хведарук.

У той жа момант беларускія ўмовы прызыву далёка не самыя суворыя. Лягчэйшыя, чым у Паўднёвай Карэі або Ізраілі. Чаму ж беларускія маладзёны не хочуць ісці ў войска?

«А цяпер моладзь не выхоўваюць. Гуляюць з імі, песцяць».

«За гэты час можна адвучыцца, зарабіць грошай. З’ехаць ці ўладкавацца на нармальную працу».

«У нас нават блізкі расказвае такія сітуацыі, як прыгнятаюць моладзь. Ну, і натуральна, усе імкнуцца адкасіць усімі магчымымі метадамі», – мяркуюць жыхары Менску.

Для выпраўлення сітуацыі ўлады збіраюцца карыстацца не толькі бізуном, як, напрыклад, скасаванне адтэрміноўкі для магістраў ды аспірантаў, але і пернікам. Гэтак, міністр абароны Андрэй Раўкоў паведаміў, што тым, хто прайшоў службу, арганізуюць бясплатныя курсы для паступлення ў ВНУ, дадуць шэраг іншых ільготаў.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік Belarus Security Blog:

«Тыя прэферэнцыі, якія прапаноўваюцца, вельмі малыя, каб некага стымуляваць свядома ісці на вайсковую службу. У дадзеным выпадку трэба працаваць з грамадствам, з іміджам, падымаць прэстыж вайсковай службы, у тым ліку і прафесіі афіцэра. Бо калі гэтага не зрабіць, то мы атрымаем проста натоўп маргіналаў, якія дзеля вельмі невялікага гешэфту пойдуць служыць у войска».

На меркаванне экспертаў, праблема прызыву далёка не асноўная ў беларускім войску. Аднак пастаянныя скандалы са смярцямі вайсковаслужбоўцаў, закрытасць ад медыяў і хранічнае недафінансаванне войска яўна не спрыяюць станоўчаму іміджу беларускіх Узброеных сілаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu