Аб'ектыў 03.09.2018 Чаму беларуская школа памірае?


Школьны навучальны год 2018-19 пачаўся з прыемнае навіны. Сёлета за школьныя парты селі ажно мільён і сто дзесяць тысяч вучняў. Гэта дзесяцігадовы рэкорд. У параўнанні з папярэднім навучальным годам школьнікаў паболела адразу на 116 тысячаў! І адначасова, паводле звестак Белстату, летась у краіне было закрыта 100 школьных установаў.

Распавядае Ганна Севярынец, настаўніца:

«Гэта аб’ектыўны стан рэчаў. Мы выходзім з дэмаграфічнае ямы, калі ў 90-ыя гады была вельмі нізкая нараджальнасць».

Пры гэтым статыстыка пра самыя школы засталася ў цяні гэтага рэкорду. Да пачатку гэтага навучальнага года Беларускі статыстычны камітэт апублікаваў звесткі за год папярэдні, з якіх вынікае, што летась у краіне былі зачыненыя 100 школаў. Усё больш беларусаў сутыкаецца з гэтаю праблемаю.

Жыхары Глыбокага:

«Гэта стала немэтазгодна з фінансавага боку, трэба эканоміць».

«Мы з гэтым сутыкаліся, аўтобусы возяць дзяцей у большыя школы».

«Стала не вельмі прэстыжнаю праца настаўніка, няма каму рабіць, таму і скарачаюць. Вунь у нас у гэтым годзе 4 класы ў адзін абʼядналі».

Статыстыка папярэдніх гадоў сведчыць, што працэс скарачэння колькасці школаў – сталы. Калі ў 1994 годзе ў краіне працавала 5000 школ, то ў 2018 – ужо 3067. І пры гэтым значна апераджае падзенне колькасці вучняў у розныя гады. Напрыклад, напрыканцы 80-ых у Беларусі было паўтара мільёна вучняў на 6200 школаў. Цяпер вучняў толькі на чвэрць менш, але школаў паменела ажно ўдвая.

Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук:

«У асноўным школы закрываюцца ў сельскай мясцовасці. У першую чаргу таму, што гэта эканамічна нявыгадна, калі трэба трымаць школу і на малую колькасць вучняў утрымліваць вялікі штат настаўнікаў па ўсіх дысцыплінах».

Калі ж колькасць школаў скарачаецца, а колькасць вучняў расце – адбываецца ўшчыльненне. Менавіта пад гэты працэс летась Міністэрства адукацыі перапісала закон і санітарныя нормы. Цяпер у адным класе замест ранейшых 25-ці адначасова могуць вучыцца да 30-ці вучняў.

Ганна Севярынец, настаўніца:

«Сёння не тыя дзеці, якія былі за савецкім часам. Яны не прызвычаеныя да працы ў вялікіх групах. Яны растуць у малых семʼях, у кожнага з іх ёсць свой пакой, сваё працоўнае месца. І яны не могуць гэтак жа лёгка вучыцца ў групах па 35-40 асобаў, як гэта калісьці рабілі мы».

Але што рабіць, калі на адукацыю ў беларускім бюджэце ў пераліку на аднаго грамадзяніна закладзена 44 долары на год. Для параўнання, у суседняй Польшчы гэтая лічба ў пятнаццаць разоў вышэйшая і складае амаль 650 долараў.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота Reuters/Vasily Fedosenko

Глядзі таксама
Каментары