Як і ў мінулыя гады, першы прадмет Цэнтральнага тэставання сёлета – беларуская мова. Сёлета яе абралі больш за 22 тысячы патэнцыйных студэнтаў. Ці шмат гэта?
З 11 чэрвеня да 1 ліпеня абітурыенты маюць прайсці тэставанне па 17 гуманітарных і дакладных дысцыплінах. Пры сабе дазволена мець толькі пропуск навучальнай установы, пашпарт і асадку з чорным стрыжнем. У месцы тэставання трэба з’явіцца не пазней за 30 хвілінаў да пачатку. Першы тэст – на веданне беларускае мовы.
Абітурыенты пра беларускую мову:
– Віншую з пачаткам іспыту.
– Дзякую.
– Чаму абралі беларуску мову?
– Таму што гэта родная мова і кожны беларус мусіць яе ведаць. Усё.
«Таму што я больш яе ведаю, яна мне родная».
«Не размаўляю на беларускай мове, але паколькі мы жывём у Беларусі, то лічу патрэбным здаць іспыт па беларускай мове. І патрэбна, напэўна, беларусам ведаць сваю родную мову».
«Я вучыўся на беларускім профілі – беларуска-англійскім, таму, натуральна, я абраў беларускую мову».
«Для мяне гэта быў прынцыповы момант, бо я вучыўся ў Беларусі, атрымаў тут адукацыю, і чаму мне яе не завершыць іспытам на беларускай мове?»
«Для мяне гэта родная мова, яе лягчэй здаваць, школа беларуская была, таму здаю. Так, у нас была беларуская школа, гэта нашая родная мова, яна лёгкая».
«Любім беларускую мову, таму і здаём».
Абітурыенты з іншых гарадоў і мястэчак ехалі ў Менск разам з бацькамі, якія чакалі канца тэставання непадалёк.
«Чэрвеньскі раён, беларуску мову здае дачка Ганна Гамеза. Вельмі хвалююся… Яна любіць беларускую мову, мае добрую адзнаку і вучыцца тут хоча, лагапедам хоча быць. Я ў свой час вельмі любіла беларускую мову і зараз люблю: можа, таму і дачка гэтак», – кажа маці абітурыенткі Іна Гамеза.
Сярод моваў сёлетнія абітурыенты на цэнтральным тэставанні здаюць англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую і кітайскую. Жаданне прайсці тэставанне па расейскай мове выказалі 60 тысячаў чалавек, па роднай беларускай – утрая менш.
Яшчэ з дзясятак гадоў таму колькасць ахвочых здаць тэст па-беларуску перавышала колькасць тых, хто выбіраў расейскую. Затым гэтыя лічбы паволі выраўноўваліся, і ў выніку прыхільнікаў беларускага тэставання стала менш: каля 23 тысячаў сёлета.
«Большая палова – гэта дзеці, якія ходзяць у расейскамоўныя школы, але так добра ведаюць беларускую мову, што выбіраюць на ЦТ. І гэта яшчэ пра што сведчыць: усяго бясплатных вольных месцаў у ВНУ 26 тысяч. Большасць універсітэтаў з верасня можна рабіць беларускамоўнымі», – кажа ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
У найбліжэйшы чацвер пройдзе цэнтральнае тэставанне па расейскай мове.
Галіна Абакунчык, belsat.eu