Чаму 2-гадовыя перамовы з МВФ аб крэдыце на $ 3 млрд скончыліся беспаспяхова?


Уладам неабходна пераставіць дзяржпрадпрыемствы на рынкавыя рэйкі ды перастаць субсідаваць тарыфы ЖКГ. Міжнародны валютны фонд не адмаўляецца ад ранейшых патрабаванняў да Менску. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік місіі МВФ у нашай краіне. Якіх зменаў чакаюць заходнія эканамісты і ці гатовыя на іх пайсці ўлады ды простыя грамадзяне?

Дзяржсектар патрабуе «глыбейшых рэформаў, чым мы бачылі да гэтае пары». У інтэрв’ю агенцтву БелаПАН кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Жак Міньян заявіў, што ключ да развязання эканамічных праблемаў Беларусі МВФ бачыць у рэформе дзяржпрадпрыемстваў. Пераставіць іх на рынкавыя рэйкі можна як перадаўшы ў прыватныя рукі, гэтак і пакінуўшы ў дзяржаўнай уласнасці.

«Гэта можа быць банкруцтва, гэта можа быць прыцягненне партфельнага інвестара пры захаванні кантрольнай долі акцыяў у дзяржавы. Гаворка ідзе пра тое, каб аддзяліць ролю дзяржаўных органаў як уласнікаў прадпрыемстваў ад ролі рэгулятараў», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Вымушаныя аддаваць нагандляванае дзяржаве, узалежненыя ад субсідыяў, дзяржаўныя заводы не маюць стымулаў працаваць лепш. Паводле парталу banki24.by, у студзені больш за 40 % буйных і сярэдніх прадпрыемстваў жылі толькі дзякуючы кропельніцы дзяржаўных крэдытаў.

«Рэформы, якія прапаноўвае МВФ, уладам Беларусі могуць падацца прымальнымі толькі ў адным выпадку – калі сітуацыя будзе вельмі і вельмі дрэнная ды іншых крыніцаў фінансавання, апроч крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду, ва ўладаў не будзе», – тлумачыць эканаміст Сяргей Балыкін.

Замест таго, каб пазбаўляцца татальнага кантролю над дзяржаўнымі заводамі, улады праводзяць мадэрнізацыю – купляюць на іх новае абсталяванне.

Дрэваапрацоўка, НПЗ і цэментавыя заводы, у якія ў апошнія гады ўклалі мільярды долараў, сталі галоўнымі генератарамі стратаў у беларускай эканоміцы. Затое прыбытковыя аказаліся сектары, якія мадэрнізацыя абмінула, напрыклад, хімічная прамысловасць ды знакаміты ІТ.

«Задумваецца мадэрнізацыя з думкай «асвоіць» нейкі абʼём грошай. Пры гэтым не бачна маркетынгу, не пралічваюцца рынкі: што, па якім кошце і куды будзе прадаваць гэтае мадэрнізаванае прадпрыемства», – дадае аналітык Вадзім Іосуб.

МВФ настойвае яшчэ і на іншай рэформе – павышэнні тарыфаў на ацяпленне да 100 адсоткаў іх сабекошту. Цяпер, паводле ўраду, мы плацім толькі пятую частку. Эканаміст Сяргей Балыкін гаворыць:

«Праблема не субсідыі самі па сабе, а менавіта перакрыжаванае субсідаванне. Гэта значыць, што прадпрыемствам прадаюць цеплавую энергію па цэнах, нашмат вышэйшых за сабекошт, каб насельніцтву прадаць яе ніжэй за сабекошт. І гэта ставіць прадпрыемствы ў эканамічны тупік».

Сямʼя, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, узімку ў сярэднім плоціць за ацяпленне 24 рублі на месяц. Поўны ж кошт складае ў сярэднім 120 рублёў. Ці ў стане плаціць такія грошы грамадзяне?

«У пяць разоў? Вы смеяцеся ці што? У нас пенсія 400 рублёў!»

«Мне больш бʼюць па кішэні тарыфы для юрыдычных асобаў. У нас памяшканне ў нежылым фондзе, мы за яго плацім суму ў дзесяць разоў большую за кошты звычайнай кватэры».

«Не хацелася б, вядома. Гэта дорага для нас. Тады давайце і заробкі павышаць – у пяць разоў!»

«Трэба нешта рабіць, бо мы ўвогуле нішчэем», – прызнаюцца жыхары Гомля.

Перакрыжаваныя субсідыі Міжнародны валютны фонд прапаноўвае замяніць адраснаю сацыяльнаю дапамогай. Ісці на гэта, як і рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы нашыя ўлады не пагаджаюцца.

Менавіта таму перамовы аб атрыманні крэдыту МВФ памерам 3 мільярды долараў, якія Менск вёў два гады таму, скончыліся беспаспяхова.

Аляксандр Папко, belsat.eu