Чакаем 1000 рублёў сярэдняга заробку. А як у суседзяў?




У сённяшняй прамове Лукашэнкі не абышлося і без сакральных 500 долараў, штопраўда, ува абноўленай не так даўно версіі – 1000 рублёў сярэдняга заробку.

Дасягаць мэты кіраўнік Беларусі падціскае мясцовых чыноўнікаў. Але пакуль эканамічныя амбіцыі ўладаў Беларусі топчуцца вакол планкі ў 500 долараў не першае дзесяцігоддзе, у нашых заходніх суседзяў – сталы рост сярэдняга заробка. Цэнтральны статыстычны офіс Польшчы аднатаваў яго на ўзроўні 1068 еўраў. Станіслаў Івашкевіч.

Усім закасаць рукавы і працаваць лепш, а кіраўнік краіны, са свайго боку, узмоцніць ціск на вертыкаль улады. Гэтак, у падсумаванні, Аляксандр Лукашэнка акрэсліў сваю далейшую эканамічную палітыку – падчас сённяшняга штогадовага звароту да парламенту і беларускага народу.

Дзякуючы гэтаму ціску, кіраўнік краіны плануе прымусіць кіраўнікоў на месцах знайсці ўнутраныя рэсурсы для таго, каб да канца году павялічыць сярэдні заробак у краіне на траціну. Якія канкрэтна рэсурсы і як іх адшукаць, ён не ўдакладніў.

Забяспечыць сёлета сярэдні заробак па краіне ня менш за тысячу рублёў. Некаторыя адказныя асобы ў размовах паміж сабой, як я казаў, называюць гэтую лічбу непадʼёмнай. Хачу перасцерагчы некага ад упадніцкіх заяў.

Упершыню сярэдні заробак на 500 долараў Лукашэнка паабяцаў 12 з паловай гады таму. Ці працягваюць беларусы верыць у гэтае абяцанне, мы спыталіся жыхароў Магілёва.

Абяцаны ўзровень заробку за названы перыяд быў дасягнуты двойчы. Першы раз – са снежня 2010-га году па люты адзінаццатага і закончыўся абвальнай дэвальвацыяй. Другі раз заробак трымаўся вышэй пяцісот долараў два гады – 13-ты і 14-ты. На той момант Лукашэнка абяцаў ужо тысячу долараў.

Павялічыўшы замежны доўг на траціну, у канцы 14-га году сярэдні заробак павялічылі да рэкорднай адзнакі 620 долараў. Праз месяц пасля дасягнення гэтай планкі грымнула новая дэвальвацыя і доларавыя даходы насельніцтва за некалькі тыдняў зменшыліся на траціну. Адмыслоўцы папярэджваюць напампоўванне заробкаў сёлета да тысячы рублёў пагражае аналагічным вынікам.

Міжнародныя крэдыторы Беларусі сцвярджаюць, што, у сярэднетэрміновай перспектыве такі заробак забяспечыць можна, прычым стабільна, але пры ўмове выканання прапанаваных імі рэформаў, перадусім – па раздзяржаўліванні эканомікі. Гэтых намераў у сённяшнім пасланні, аднак, не прагучала.

Паводле афіцыйнай статыстыкі сярэдні заробак сёлета складае 718 рублёў. Але на кірмашах працы, якія ўлады актыўна арганізоўвалі апошнія два месяцы гэтая лічба была бліжэй да максімальнай, а не сярэдняй. Такія грошы прапаноўвалі толькі адмыслоўцам найвышэйшай кваліфікацыі.

Станіслаў Івашкевіч