«Чаго звоніце?! Мультфільмы паказваюць». Караткевіч – ува ўспамінах

Уладзіміру Караткевічу споўнілася б сёння 87 гадоў. У час савецкай улады ягоныя рамантычныя кнігі пра беларускую мінуўшчыну станавіліся арыенцірам для патрыётаў. Уладзімір Караткевіч, які абуджаў у земляках нацыянальную памяць і гонар за ўласную гісторыю, не дажыў некалькіх гадоў да незалежнасці Беларусі.

Караткевіч нарадзіўся і жыў у Воршы. Менавіта Падняпроўе будзе месцам разгортвання падзеяў для шмат якіх ягоных твораў.

«Перайменаваць вуліцу Касманаўтаў у вуліцу Караткевіча прапанаваў Уладзімір Арлоў», – прыгадвае краязнаўца Генадзь Шэпелеў.

Сучаснікі ўзгадваюць, Уладзімір Караткевіч як сапраўдны шляхціч быў высакародным, рамантычным жыццялюбам і арыгіналам. «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». Жыццёвае крэда пісьменніка, што пасавала да справаў як вялікіх, гэтак і надзённых.

«Мне нешта было трэба ад жонкі Караткевіча. Я паднялася, яе не было ўдома. Я званю, званю ў дзверы, адчыняе Уладзімір Сямёнавіч, і як закрычыць на мяне: Чаго Вы звоніце?! Мультфільмы ж паказваюць», – кажа Валерыя Навуменка, дачка пісьменніка Івана Навуменкі.

Караткевіча ўзгадваюць як вясёлага чалавека, не зважаючы на тое, што яму даводзілася зазнаваць ціск з боку ўладаў. Цэнзары называлі яго «ворагам народу», а 2-ая частка раману «Каласы пад сярпом тваім» таямніча знікла з кватэры. І тым не менш Караткевіч пісаў да самага скону дзеля Айчыны.

«Бачыце, там стаяць свечкі, кажуць, што ў дзень, калі забілі Каліноўскага, ён запальваў гэтыя свечкі», – кажа Алена Сянкевіч, пляменніца Уладзіміра Караткевіча

Нашчадкам Караткевіч пакінуў не толькі свае творы. Пасля яго засталося нешта значна большае. Незалежная Беларусь – у вялікай ступені спадчына Караткевіча. І ўжо нашая справа, як мы пра яе задбаем.

Вітаўт Сіўчык

Глядзі таксама