Чаго Лукашэнка паляцеў у Егіпет


Відэасюжэт «Белсату» пра экзатычныя паездкі беларускага кіраўніка.

У гэтыя марозныя і снежныя дзянькі хто з беларусаў не хацеў бы хоць ненадоўга апынуцца на якім-небудзь паўднёвым курорце? Як тое, дарэчы, зрабіў сёння Аляксандр Лукашэнка. Што праўда, прэс-служба кіраўніка краіны цвердзіць, што паляцеў той напружана ды плённа працаваць.

Пагаварыць пра эканоміку ды супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Каір, дзе акрамя сустрэчы з уладамі Краіны фараонаў ды мясцовымі бізнесоўцамі збіраецца паўдзельнічаць у беларуска-егіпецкім дзелавым форуме. Затым з падобнай праграмай перамоваў Лукашэнка наведае Судан. На ўсё пра ўсё – тры дні.

«Я думаю, ён папросту стаміўся за 2016 год. Яму трэба адпачыць. Ну а Егіпет у нашай краіне – такое традыцыйнае месца адпачынку. Таму, напэўна, ён вырашыў спалучаць карыснае з прыемным», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Наконт прыемнага – тут усё зразумела. Гэта ў Беларусі зараз снегу па калена. А ў Егіпце – сонца, мора, тэмпература – за плюс дваццаць. Што ж да карыснага, то тут зразумець цяжка. Узровень гандлю паміж краінамі не настолькі высокі, каб вымагаў візіту ажно кіраўніка дзяржавы, цвердзіць эканаміст Леў Марголін:

«Што датычыць Егіпту, там ёсць вытворчасць беларускіх трактароў, і яна, як кажуць, будзе пашырацца. Альбо ўжо пашыраная, і ён будзе адкрываць новыя вытворчасці. Але гэта ўсё на такім узроўні, што хапіла б там і простага міністра альбо нават генеральнага дырэктара трактарнага заводу».

Што ж да Судану, дык там вонкавы гандаль найбольш складаў у 2013-м годзе – крыху больш за $ 70 млн – за кошт беларускага экспарту, пасля чаго абваліўся ўдвая. А таму не чакаюць нічога надзвычайнага ад гэтых палётаў Лукашэнкі і простыя грамадзяне, апытаныя намі ў сталіцы.

«Ну, у яго свае стрэсы, думаю. Адпачываць, магчыма. Можа ўжо ў апошні раз», – выказваецца адзін з апытаных.

Іншы агучвае сваё меркаванне:

«Улічваючы малочныя войны, таксама некалькі гадоў таму была цукровая вайна з Расеяй – трэба ж сваю прадукцыю кудысьці дзяваць!»

Між тым да свайго найбліжэйшага хаўрусніка Лукашэнка як раз і не спяшаецца. Яшчэ напрыканцы снежня кіраўнік Беларусі, спаслаўшыся на празмерную занятасць, праігнараваў Саміт ЕАЭС у Пецярбурзе, дзе астатнія краіны-ўдзельніцы падпісалі Мытны кодэкс міждзяржаўнага абʼяднання. Дый першы замежны візіт Лукашэнкі сёлета – зноўку ж не да ўсходніх суседзяў.

«Было б, напэўна, нелагічна – не паехаць на саміт напрыканцы снежня і зараз паляваць на Пуціна на расейскіх курортах, таму ён туды і не паехаў», – заўважае Леў Марголін.

На дадзены момант беларускі ды егіпецкі бакі падпісалі каля дзясятка дакументаў. Паводле афіцыйнага Менску, у прыватнасці, Егіпет гатовы ўхваліць кантракт з нашай краінай на ачышчэнне сцёкавых водаў. Штопраўда, сума ўгоды ўсяго $ 3 млн.

Чытайце таксама:

Валер Руселік, belsat.eu