Аб'ектыў 29.09.2018 Бюракратыя не звяртае ўвагу на меркаванне народу


Кіраўнік галоўнага ўпраўлення працы са заваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Рыгор Шлык заявіў пра неабходнасць павысіць эфектыўнасць наўпроставых тэлефонных лініяў уладаў з народам. Але ці нешта змянілася пасля загаду?

Афіцыйныя крыніцы сведчаць, апошнія тры гады дзее аператыўная форма сувязі насельніцтва і ўладаў: штосуботу з 9.00 да 12.00 кожны грамадзянін мае права звярнуцца ў любых пытаннях на наўпроставую тэлефонную лінію да кіраўніцтва свайго рэгіёну. У чыноўнікаў існуюць своеасаблівыя дзяжурствы, каб адказваць на пытанні насельніцтва. Але не ўсе даюць веры, што такая сістэма працуе, у прыватнасці з такім пытаннем мы звярнуліся ды жыхароў Магілёва і пачулі наступныя меркаванні:

«Гэта неэфектыўная сістэма, цалкам неэфектыўная».

«Ніколі не звярталіся і, напэўна, не будзем звяртацца – яны неэфектыўныя».

«Чыноўнікі нашыя нічога не вырашаюць. Пакуль сам не вырашыш пытання»…

«Можа быць не заўжды, але калі-небудзь прыслухоўваюцца».

«У асноўным яны слухаюць, але не прыслухоўваюцца. Бо яны робяць так, як ім трэба, а не так, як людзям трэба».

Паводле чыноўнікаў, больш як палова зваротаў грамадзянаў датычыць пытанняў жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі, якія патрабуюць тэрміновага развязання. У той жа час, статыстыка аб колькасці развязаных праблемаў адсутнічае. А вось кіраўніцтва дзяржавы апошнім часам ва ўсіх пытаннях патрабуе якраз выніку.

«Нікому не дазволена падманваць людзей… І галоўнае ў нашай палітыцы – народ! Гэта ніякі не папулізм – я заўжды пра гэта казаў і кажу. У адваротным выпадку нам у гэтай краіне рабіць няма чаго. Людзі – гэта галоўнае!» – з году ў год паўтарае гэтыя словы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што дзяржаве апошнім часам усё цяжэй адсочваць настроі насельніцтва, бо яна сама стварыла падобныя ўмовы – напрыклад, была знішчаная структура, якая ладзіла незалежныя сацыялагічныя даследаванні – НІСЭПД. Сімвалам жа нежадання ўладаў слухаць голас народу стала металічная агароджа, якую паставілі летась вакол Бабруйскага райвыканкаму падчас мітынгаў супраць дэкрэту нумар тры.

«У тых умовах, у якіх мы знаходзімся, калі няма сапраўднай зваротнай сувязі, калі існуе манаполія – а любая манаполія вядзе да загнівання, – заўсёды прысутнічае гэтая думка, меркаванне, упэўненасць, што мы і самі добра ведаем, што трэба чалавеку. Гэта было і ў савецкі час», – перакананы Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

І на меркаванне Аляксандра Ярашука, менавіта падобнае ігнараванне ўладамі рэальных патрэбаў насельніцтва – прыдатная глеба для рэвалюцыяў і пераваротаў. Ці збіраюцца ўлады Беларусі вучыцца на чужых памылках, а не на ўласных – пытанне рытарычнае.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары