Бюджэт не далічыўся 3 мільёнаў рублёў. На лаве падсудных – былы намеснік старшыні Менгарвыканкаму


Летнюю кавярню ў гістарычным будынку адкрылі праз хабар у $ 2500, цвердзіць следства. На лаве падсудных – Андрэй Дамарацкі, які на той момант займаў пасаду намесніка старшыні Менгарвыканкаму.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, чыноўнік браў хабар у аўтамабілі, у кабінеце прыватнай кампаніі «Фудстайл» за станоўчае развязанне пытанняў гандлю ў Менгарвыканкаме. Прэйскурант – ад 1000 да 2500 долараў. Чыноўнік віны не прызнае, сваякі ад каментароў адмаўляюцца.

Абвінавачанне цвердзіць, што на пасадзе кіраўніка Галоўнага ўпраўленне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі займаўся прыпіскамі, чым вызваліў шэраг гандлёвых прадпрыемстваў ад выплатаў з прыбытку арэнды. У выніку гарадскі бюджэт не далічыўся каля трох мільёнаў рублёў, а сам чыноўнік атрымаў незаслужаную прэмію памерам два мільёны рублёў.

«Я вось зараз слухаў абвінаваўцу – я вельмі здзівіўся, колькі чалавек учыніў. Але, мяркуючы з ягоных дзеянняў, ён ведаў усе «тонкасці» ды ўмеў круціць-вярцець сістэмаю. Але бальшыня службовых асобаў, з якімі я кантактаваў, не разбіраюцца ў тых пытаннях, за якія адказваюць», – кажа грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч.

Папярэдніка Андрэя Дамарацкага на пасадзе кіраўніка спажывецкага рынку Сяргея Барысевіча нядаўна асудзілі на 14 гадоў турмы. Андрэй Дамарацкі – другі намеснік старшыні Менгарвыканкаму, які паўстаў перад судом: у 2013 годзе за хабар у буйным памеры на 14 гадоў зняволення асудзілі таксама былога намесніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева.

Чаму ў найвышэйшых эшалонах улады не знікаюць злоўжыванні ды карупцыя? На гэтае пытанні адказваюць мінакі на вуліцах Менску:

«Не скрадзеш – не пражывеш, як кажуць. Гэта, пэўна, залежыць ад выхавання. Калісьці не ставала грошай, і кожны стараўся нешта ўрваць. Часы мяняюцца, але людзі застаюцца».

«Я не ведаю – магчыма, у іх парода такая. Магчыма, што ім прапаноўваюць, а яны слабыя, каб адмовіцца, усяляк можа быць».

«Даюць – дык і бяруць. Я так думаю».

«Я лічу, што прычына – нізкі заробак, а яшчэ таму, што людзі прыйшлі на гэтыя пасады не з мэтаю працаваць на дзяржаву, каб дзеці жылі лепш, унукі, а з мэтаю набіць кішэні. А далей – як будзе».

Вялікі рэзананс у грамадстве нядаўна мела гэтак званая «справа медыкаў», калі за хабар былі арыштаваныя і асуджаныя шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. На думку апазіцыйнага палітыка Сяргея Калякіна, злоўжыванні ды карупцыя – агульная праблема ўлады.

«Сённяшняя сітуацыя з карупцыяй у найвышэйшых органах улады – яна не проста трывожная, яна жахлівая. Бо гэта сістэма, і пералік ідзе – на сотні чалавек. Таму гаворка вядзецца не пра нейкіх выпадковых людзей, а пра тое, што сістэма дае збой або сама і спараджае гэтую карупцыю. І трывожна тое, што канца не відаць, таму сёння трэба змяняць сістэму, у якой працуюць гэтыя чыноўнікі», – кажа кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Днямі ў Адміністрацыі кіраўніка краіны заявілі, што Беларусь узяла кірунак на кадравыя перастаноўкі і амаладжэнне чынавенскага апарату. Ці гэта кірунак у выкараненні злоўжыванняў і карупцыі – пытанне адкрытае.

Галіна Абакунчык, belsat.eu