Аб'ектыў 12.08.2019 Быў «Velcom» – стаў «А1». Што змянілася для абанентаў?


Справа не толькі ў брэндзе, «Velcom» гэта 20 гадоў мабільнай сувязі на нашым рынку. З чаго ўсё пачыналася, і што дала Беларусі канкурэнцыя аператараў?

Найстарэйшы мабільны аператар Беларусі канчаткова перайшоў на новы брэнд. Што змянілася ад таго, што кампанія змяніла колеры? Распавядае Ірына Савіна, намесніца галоўнага дырэктара кампаніі «А1»:

«Нашыя абаненты ўжо паспелі адчуць прыналежнасць да 25-мільённай сям’і «А1», атрымаўшы магчымасць перадачы звестак у роўмінгу ў гэтых краінах».

https://youtu.be/OODVIO295kQ?t=675

Аўстрыйскі сотавы аператар «А1» валодае кампаніямі мабільнай сувязі ў Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Сербіі ды Славеніі. Наш «Velcom» фірма набыла яшчэ ў 2007 годзе. Гісторыя ж беларускага аператара GSM налічвае ўжо два дзясяткі гадоў.

Паўдолара за хвіліну размовы, 250 долараў за падключэнне, 150 долараў за sim-карту і яшчэ 100 долараў за гэтак званае тэставанне тэлефона – такія былі рэаліі 1999 года.

Кошты «Velcom» пачаў зніжаць у 2002-м, калі на рынак увайшла кампанія МТС. На той момант будучы «A1» меў 400 тысяч абанентаў. Яго канкурэнт – у некалькі разоў менш. Сёння мабільны тэлефон ёсць у 97 беларусаў са 100. Яны карыстаюцца паслугамі трох аператараў. Чаго ад гэтых фірмаў чакаюць кліенты?

«LTE» па ўсёй Беларусі! Гэта інтэрнэт добры».

«Многа інтэрнэту, для «УКантакце», «Instagram», і каб сам тарыф быў даступны для студэнтаў!»

«Меншы тарыф! Бо ўсё хочацца паглядзець і даведацца, столькі ўсяго рознага! А па грашах гэта не вельмі даступна, бо мы ў новым перыядзе жыцця».

«Я вельмі задаволены тым, што ёсць. І на гэтым пакуль усё!» – кажуць жыхары Менску.

А чым збіраецца парадаваць кліентаў мабільны аператар «А1»? Ірына Савіна, намесніца галоўнага дырэктара кампаніі «А1»:

«Нашых абанентаў чакае новая паслуга «Разумны дом». Яна дазволіць зрабіць дамы сапраўды ўтульнымі і камфортнымі, кіраваць вільготнасцю і асветленасцю памяшканняў, а таксама мультымедыйнымі прыладамі».

Ад размоваў, якія з мэтай эканоміі скарачалі да 40 секундаў, да інтэрнэту рэчаў – такі шлях прайшла мабільная сувязь за 20 гадоў. Кожны пяты беларус ужо карыстаецца хуткасным інтэрнэтам 4G, а неўзабаве на рынак увойдзе стандарт 5G – у 20 разоў хутчэйшы.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары