«BYPOL» пра палітычную замову на Ціханоўскага


Ініцыятыва «BYPOL», створаная былымі следчымі і аператыўнікамі, апублікавала матэрыялы, якія сведчаць пра палітычную замову крымінальнай справы супраць Сяргея Ціханоўскага, а таксама цэлага шэрагу беларускіх блогераў і актывістаў. У расследаванні называюць людзей, якія могуць мець дачыненне да «фабрыкавання справы». У сітуацыі разбіраліся Каця Малей і Аляксандр Папко.

«Няма на яго артыкулу – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!», – гэтак, паводле расследавання ініцыятывы «BYPOL», гучаў загад асабіста ад экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева адносна Сяргея Ціханоўскага. Аб’яднанне работнікаў сілавых структураў сцвярджае, што была прыдуманая цэлая схема «злачыннай групы Ціханоўскага». У «BYPOL» заяўляюць, што маюць цэлы шэраг іншых доказаў, якіх раскрыць пакуль што не могуць.

«Таксама там быў адзін фотаздымак з правакатарамі. Мы правялі цэлае расследаванне па ўсіх відэазапісах, якія трапілі ў СМІ. Адны і тыя ж людзі, якія атачалі чалавека. Там вылучаныя чырвонымі кружочкамі людзі, гэта працаўнікі ў цывільным або іхная агентурная сетка, якія ў момант затрымання ўжо былі каля бусіка. Яны ўсе ў масках хаваюцца, але паводле іхнай вопраткі, паводле кепкі любы можа правесці такі аналіз», – сцвярджае прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL» Андрэй Астаповіч.

Як вынікае з расследавання ініцыятывы, удзельнікі меркаванай правакацыі атрымалі павышэнні з пазнакаю «За праяўленую стараннасць», а Сяргей Ціханоўскі – артыкулы Крымінальнага кодэксу. У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў каментаваць сітуацыю праз тэлефон адмовіліся. Папрасілі традыцыйным шляхам: спачатку запыт праз электронную пошту, а потым і ўсе размовы.

«Тое, што ёсць палітычны матыў уладаў у ягоным пераследзе, – гэта відавочна і гэтага дастаткова. Што тычыцца абвінавачванняў, то яны, я лічу, неабгрунтаваныя. У дзеяннях Ціханоўскага няма складу злачынства ўвогуле: чалавек рэалізоўваў свае законныя свабоды, у тым ліку і права ўдзельнічаць у выбарах, у кіраванні сваёй краіны», – адзначыў намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Паводле «BYPOL», у выніку злачынных дзеянняў фігурантаў справы Ціханоўскі незаконна ўтрымліваецца пад вартай у сфабрыкаванай крымінальнай справе. Сёння акурат мінае сем месяцаў з дня затрымання. За ўвесь час зняволення Ціханоўскія размаўлялі толькі аднойчы – праз тэлефон. Цяпер сувязь толькі праз адваката.

«Ён не скардзіцца, ён разумее, што ён у турме так сама, як тысячы беларусаў. Больш за 30 тысяч беларусаў прайшлі праз СІЗА. Сядзіць ён у адзіночцы, у жодзінскай турме. Вы самі разумееце, што такое сядзець у турме, тым больш быць там 7 месяцаў», – дзеліцца прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні падчас перадвыбарчага пікету за вылучэнне на прэзідэнта ягонай жонкі – Святланы Ціханоўскай. Яго вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што парушаюць грамадскі лад, і ў перашкодзе ажыццяўлення выбарчых правоў грамадзянаў. Блогера прызналі вязнем сумлення як беларускія праваабаронцы, так і іхныя калегі з «Amnesty International».

Каця Малей, belsat.eu