Былых палітвязняў не бывае. Прычына затрымання Змітра Паліенкі невядомая

Затрыманы і содні ў зняволенні знаходзіцца актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка. Паводле папярэдніх звестак, былога палітвязня вінавацяць у экстрэмізме. Далейшы лёс зняволенага і дакладныя прычыны затрымання застаюцца невядомымі.

Сябры і паплечнікі здолелі зняць на відэа затрыманне Змітра Паліенкі. За некалькі гадзінаў да гэтага Зміцер паведаміў праз «Фэйсбук», што ўчастковы патрабуе ад яго тлумачэнняў паводле новых пратаколаў – ніякай новай інфармацыі цягам дня паплечнікі Паліенкі не атрымалі.

«Мы нават не ведаем нічога дакладна: яго проста затрымалі ўчора ўвечары, і дагэтуль з ім няма ніякай сувязі. І суд над ім хутчэй за ўсё таксама не адбудзецца – гэткім чынам чалавека ізалююць ад грамадства», – канстатуе сябар і актывіст анархісцкага руху Фёдар Бабанаў.

Паплечнікі высветлілі, што ноч Паліенку трымалі ў аддзеле міліцыі Заводскага раёну Менску, а цягам дня яго дарэмна чакалі ў судзе.

Суд Заводскага раёну Менску – месца чарговага суда над былым палітвязнем Змітром Паліенкам. Толькі сёлета актывіста анархісцкага руху пераследавалі адразу паводле некалькіх адміністрацыйных справаў і нават распачалі крымінальную.

Ненаведванне лекцыяў у міліцыі, публікацыя фотаздымкаў у інтэрнэце і маляванне графіці экстрэмісцкага характару на сценах – у гэтым вінавацілі Паліенку раней. Ні сам Зміцер, ні ягоныя паплечнікі віны не прызнаюць.

«Я, канечне, не веру, гэта сфабрыкаваная справа – гэта ж адразу зразумела. І судзіць чалавека за фотаздымак у інтэрнэце – гэта ідыятызм, я лічу. У Змітра гэта трэцяе ці чацвёртае затрыманне з кастрычніка», – кажа сябар Вячаслаў Сідарэнка.

Толькі пад вечар паплечнікі даведаліся, што Зміцер трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Калі адбудзецца суд – невядома.

«Бачаць, што прыходзяць неабыякавыя людзі, і гэтакім чынам спрабуюць пазбавіцца сведкаў, якія прыходзяць на суд. І ў пэўным сэнсе гэта псіхалагічны ціск – ён будзе, а нікога няма», – мяркуе валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна» Кірыл Кажанаў.

Зміцер Паліенка – адзін з актывістаў анархісцкага руху, які цярпіць затрыманні і суды. Днямі за экстрэмізм – англамоўныя надпісы на адзенні «класавая вайна» – асудзілі і пакаралі штрафам анархістаў Вячаслава і Марыну Касінеравых, яшчэ раней – Мікалая Дзядка.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама