Былы супрацоўнік «Магілёўдрэву»: Парушэнні аховы працы там – куды ні глянь


«Парушэнні аховы працы там – куды ні глянь». Гэтак адзін з былых працаўнікоў «Магілёўдрэву» пракаментаваў выбух, які адбыўся ўчора ўвечары ў лакафарбавым цэху прадпрыемства. У выніку здарэння пашкоджаныя канструкцыі і абсталяванне цэху, а галоўнае – пацярпелі людзі. Шэсць чалавек шпіталізавалі ў дзве гарадскія бальніцы.

Рыгор Лазарэнка, намеснік галоўнага лекара, Магілёўскі шпіталь хуткай дапамогі:

«Жанчыну шпіталізавалі ва ўралагічнае аддзяленне паводле асноўнай траўмы, адзін з мужчынаў шпіталізаваны з хімічным апёкам першай ступені ў афтальмалагічнае аддзяленне, і мужчына з выцятымі месцамі шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне».

Стан траіх асобаў, якія паступілі ў магілёўскі шпіталь № 1, значна цяжэйшы. Іх пераводзяць у Менск і будуць лячыць у спецыялізаваным аддзяленні, бо апёкі займаюць да 50-ці адсоткаў плошчы цела.

Следчы камітэт па факце выбуху распачаў крымінальную справу за парушэнні правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бяспекі, што прывялі да выбуху і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў працаўнікам прадпрыемства (ч. 2 арт. 302 КК).

Цяперашнія працаўнікі «Магілёўдрэву» ад каментароў устрымліваюцца, але мужчына, які звольніўся з прадпрыемства сёлета ў траўні, адзначае, што адною з прычынаў выбуху магло быць парушэнне вытворчага працэсу, калі абсталяванне выкарыстоўвалі не паводле прызначэння. Былы працаўнік «Магілёўдрэву»:

«У старым цэху лакафарбавыя камеры абмываліся вадой, каб выдаліць пары лаку, і не было пажаранебяспечнай сітуацыі. У новых камерах ніякага абмывання вадой на той момант, калі я сыходзіў, не было і не магло быць, бо канструктыўна гэтыя камеры такой магчымасці не даюць».

Паводле былога працаўніка, на прадпрыемстве часткова не працавала сістэма пажаратушэння, а між тым пажары на «Магілёўдрэве» адбываліся неаднаразова, папярэдняе ўзгаранне было сёлета ў траўні.

У тое, што ў выніку следства пакараюць сапраўды вінаватых, не вераць жыхары Пінску, дзе амаль дзесяцігоддзе таму адбылася найбуйнейшая прамысловая аварыя ў гісторыі незалежнай Беларусі. Тады ў выніку выбуху і пажару на «Пінскдрэве» загінулі 14 чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні. Распавялі жыхары Пінску:

«Вельмі шмат болю і страху было, гэтага забыць немагчыма. Не, нікога не пакаралі, прынамсі мы пра гэта не ведаем».

«Надзеі няма, і вінаватых наўрад ці знойдуць».

«Калі не знойдуць, то каго-небудзь зробяць вінаватым. Усё абсталяванне, усе станкі старыя, мадэрнізацыі ніякай нідзе не праводзяць, таму я лічу, што яшчэ доўга ў гэтай краіне будуць такія выпадкі».

«Магілёўдрэў» уваходзіць у холдынг з дзевяці прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны і вядомы праз карупцыйныя скандалы. Менш за паўгода таму Следчы камітэт паведаміў пра расследаванне крымінальнай справы аб хабарніцтве супраць выканальніка абавязкаў генеральнага дырэктара прадпрыемства, аднаго з папярэдніх кіраўнікоў асудзілі за злоўжыванне ўладаю. А цяпер яшчэ і выбух.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: sk.gov.by