Актор, які раней быў следчым, 20 гадоў бароніць правы беларусаў


Два дзесяцігоддзі дапамагаюць грамадзянам бараніць свае правы. Адна з самых вядомых праваабарончых арганізацыяў Беларусі – Прававая дапамога насельніцтву адзначае юбілей. А яе кіраўнік Алег Волчак перад тым, як стаць праваабаронцам, працаваў следчым у пракуратуры.

Дваццацігадовы юбілей цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» яго сябры адзначаюць за працай. У цяперашняй сітуацыі – не да вясёлых банкетаў і гучнага святкавання.

Напалі ды збілі па дарозе на лецішча. Гэтая гісторыя здарылася з менчуком Віталём Савічам. Нападнікі, кажа мужчына, – міліцыянты, якія яшчэ раней яго затрымлівалі «на замову» мясцовых чыноўнікаў. Аднак суд тады стаў на бок Савіча. Імаверна, міліцыянты вырашылі гэтак адпомсціць.

«Яны на мяне напалі і павалілі на зямлю. Для далейшага разбірання мяне даставілі ў аддзяленне – у апорны пункт у гарадскім пасёлку Дружны. У аддзяленні мне ніхто толкам не растлумачыў, па якім праве і на якой падставе мяне затрымалі», – распавядае жыхар Менску Віталь Савіч.

Міліцыянты абвінавацілі Савіча ў абразе іхнай годнасці і непадпарадкаванні ім. Пацярпелы звярнуўся ў арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву». Вынік – выйграная справа ў судзе і поўнае зняцце непраўдзівых абвінавачванняў. Але ж не заўжды дзейнасць праваабаронцаў у Беларусі такая паспяховая.

«Былі, натуральна, і крымінальныя справы, і адміністратыўныя. Былі напады, усё было за 20 гадоў, вядома. Пагрозы па тэлефоне былі, і па электроннай пошце. Праз усё прайшлі. У мяне мэта, як і ў любога чалавека нармальнага, справа павінна быць расследаваная да канца, віноўнікі павінны быць пакараныя, павінна быць праўда», – кажа Алег Волчак.

Адной з першых справаў праваабаронцы Алега Волчака было расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі. Затым, як той казаў, да праваабаронцаў пацягнуўся народ.

Паводле Алега Волчака, ён атрымлівае шмат словаў падзякі ад людзей, якія здолелі дабіцца праўды пры дапамозе ягонай арганізацыі. Гэта таксама ёсць добрай матывацыяй для далейшай дзейнасці.

«Нашыя бліжэйшыя планы – гэта рэформа судова-прававой сістэмы, таксама мы займаемся рыхтаваннем напрацовак для рэформаў арміі, адміністратыўнага заканадаўства. Хочам узяць удзел у пенсійнай рэформе», – распавядае кіраўнік арганізацыі.

Алег Волчак адзначае, што адною з галоўных мэтаў арганізацыі ёсць адукацыя насельніцтва – каб людзі ведалі свае правы і маглі іх эфектыўна адстойваць. Аднак наколькі гэта ўваходзіць у прыярытэты дзейнай улады – пытанне рытарычнае. Зрэшты, тое ж датычыць і стаўлення да дзейнасці праваабаронцаў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»