Сумар, бетон і афшоры. Гісторыя аднаго махлярства


Адна з берасцейскіх фірмаў стала ахвяраю несумленных паводзінаў прызначанага дырэктара. Той падманам вывеў грошы ў афшор на Кіпры. Але прыцягнуць кіраўніка да адказнасці немагчыма. Пацярпелыя мяркуюць, што справа – у сваяцкіх сувязях аферыстаў з былым кіраўніком вобласці Канстанцінам Сумарам.

Берасцейская фірма «Бетон-Солід» займаецца бетоннымі сумесямі для будаўніцтва. Заснавальнікі – людзі з тэхнічнай адукацыяй, шукалі спосаб падняць эфектыўнасць продажаў, пашырыць рынкі. Знайшлі абароцістага дырэктара, грамадзяніна Латвіі Юрыя Кардаша, які абяцаў пакарыць балтыйскія рынкі.

Цяпер «Бетон-Солід» не мае чым плаціць за офіс

2 гады таму Юрый Кардаш папрасіў заснавальнікаў «Бетон-Солід» пазычыць грошы на бізнес грамадзянскай жонкі, Святланы Мілер. 180 мільёнаў недэнамінаваных рублёў пад 6 % гадавых аформілі дамовай пазыкі на фірму «А-Столія Груп», якой кіруе Мілер.

Усё было добра, пакуль у сакавіку 2016-га не высветлілася, што Кардаш без ведама заснавальнікаў перавёў на рахункі жончынай фірмы яшчэ $ 60 тыс. што належылі «Бетон-Солід». А Святлана Мілер праз латвійскі банк перавяла ўсю суму на Кіпр, у фірму, якой раней пераводзіла сродкі з іншых крыніцаў.

Здавалася б, выдатная магчымасць для міліцыі, КДБ і Камітэту дзяржкантролю раскрыць рэзанансную крымінальную справу аб афшорах. Але пацярпелыя 8 разоў атрымлівалі з Аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі адзін адказ – праверка прайшла.

Чаму крымінальнай справы не будзе?

Пацярпелыя трапілі ў замкнутае кола. КДБ і Камітэт дзяржкантролю маўчаць. Эканамічны суд Берасцейскай вобласці разглядае сітуацыю, як звычайную гаспадарчую спрэчку. Пры гэтым пракуратура знаходзіць у дзеяннях масу нестыковак, адпраўляе эканамічную міліцыю рабіць новыя праверкі.

«Пастанова аб адмове распачаць крымінальную справу супраць Юрыя Кардаша з’яўляецца незаконнай і падлягае адмене з прычыны няпоўнасці праведзенай праверкі», – заявіла Маргарыта Макарук з пракуратуры Берасцейскай вобласці.

І так ужо 8 разоў

Следства і суд ідуць з парушэннямі. Пацярпелыя баяцца, што ў іх забяруць галоўны доказ вываду грошай – тую самую першую дамову на 180 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

«У нас спрабавалі забраць на судовым паседжанні яго, суддзя. Хаця ёй няма патрэбы ў арыгінальнай дамове, мы прадставілі ёй натарыяльна завераную копію. Цяпер паўторна спрабуюць узяць праз Ленінскі РУУС. Мы баімся, што пасля экспертызы дамова знікне ці будзе сфальсіфікаваная», – сведчыць Леанід, заснавальнік «Бетон солід».

Прычым тут Сумар?

Пацярпелыя мяркуюць, што справа з афшорам буксуе таму, што Святлана Мілер – жонка Кардаша – гэта пляменніца Канстанціна Сумара, былога кіраўніка Берасцейскай вобласці. А пакуль яе не пераследуюць, Мілер распачала ліквідацыю сваёй фірмы. Прадала службовую машыну свайму грамадзянскаму мужу, і аформіла яшчэ адну дамову пазыкі на зусім іншую фірму Юрыя Кардаша – «Лексім», каб не плаціць «Бетон-Соліду».

Сама фірма «А-Столія Груп» выехала са свайго офісу, ні працоўныя, ні хатні нумар тэлефону Кардаш і Мілер не адказваюць. Яшчэ трохі зацягвання следства – і ўсё, канцы ў ваду.

Яраслаў Сцешык, Сяргей Пятрухін, «Белсат», фота: Станіслаў Коршунаў / TUT.BY