Было вашае – стала нашае. Як украінскі завод стаў беларускім


Чарговы прыватызацыйны скандал. Аляксандр Лукашэнка забірае на карысць дзяржавы Аршанскі авіярамонтны завод, кантрольны пакет якога належыць украінскай карпарацыі Матор Січ. Пра гэта кіраўнік краіны заявіў напярэдадні, а сёння прэзідэнт украінскай кампаніі распавёў «Аб’ектыву», што ён пра гэта думае.

Стварыць беларускі верталёт з украінскім рухавіком. Чатыры гады таму Аляксандр Лукашэнка агучыў намер ажыццявіць гэты амбітны план на Аршанскім авіярамонтным заводзе, набытым украінскаю кампаніяй «Матор Січ». У выніку, аднак, улады цяпер са скандалам зварочваюць гэты інвестыцыйны праект.

Прычынаю незадаволенасці ўладаў стаўся цяжкі фінансавы стан прадпрыемства, невялікі абʼём замоваў і нізкія заробкі працаўнікоў.

«Уласніка тут больш няма. Уласнікі – вы. Усе ўласнікі, якія тут былі, – махляры, яны адмовіліся самі ад гэтага заводу. Таму – дзейце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сёння», – загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прадпрыемства «Матор Січ», народны дэпутат Украіны Вячаслаў Багуслаеў, які выкупіў аршанскі актыў у 2012-ым годзе, у тэлефоннай размове з «Белсатам» заявіў, што на вяртанне заводу ён пагадзіўся. Штопраўда, не дзяржаве, а неназванай іншай прыватнай кампаніі.

«Я дамову падпісаў. Нармальная дамова. А з боку Беларусі хто будзе падпісваць – я не ведаю. Напэўна, ваш фонд маёмасці. Я не ведаю. Мне паставілі ўмову, каб я прадаў, я падпісаў дамову і адправіў. Ніякага гвалту, ніякага адбору не было», – запэўнівае прэзідэнт «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаеў.

Прычынаю няўдачы інвестыцыйнага праекту Вячаслаў Багуслаеў называе розныя бачанні бізнесу са сваім партнёрам па Аршанскім заводзе – беларускаю кампаніяй «Сістэмы інвестыцыяў і інавацыяў», якой належала і пакуль яшчэ належыць амаль 40 % актыву. Летась кіраўнік гэтай кампаніі – былы дырэктар «Белтэхэкспарту» Аляксандр Садавы, падаў на ўкраінскіх партнёраў заяву ў пракуратуру. Тады ёй ходу не далі. Але гэтаю вясною праверку зладзілі паўторна і абвесцілі пра шэраг выяўленых парушэнняў, у прыватнасці – невыкананне інвестыцыйнай дамовы. Багуслаеў сцвярджае, што інвеставаў у завод нават больш, чымся ад яго патрабавалася, а 35-цімільённы доўг прадпрыемства – гэта, паводле яго, міф.

«Гэты доўг – унутры холдынгу. Таму ніякага доўгу ў Воршы няма перад намі. Ніякага. І мы запісалі ў дамову, што мы не прэтэндуем. Гэта нашыя інвестыцыі. Апрача банку, там, дзе яны ўзялі крэдыт на цякучыя справы, на заробкі, яны вінныя банку беларускаму», – кажа Вячаслаў Багуслаеў.

У красавіку ўлады Беларусі не выпусцілі з Воршы ва Украіну прыватны самалёт Багуслаева, і ён быў вымушаны вяртацца звычайным рэйсам. Паводле крыніцаў парталу «Тут.бай», улады пакінулі яго самалёт у якасці закладу, каб ён хутчэй з’явіўся ў Менск на перамовы пра вяртанне Аршанскага заводу. Багуслаеў жа сказаў нам, што насамрэч ягоны самалёт не ўзляцеў з тэхнічных прычынаў, і цяпер яму яго вярнулі. Адзін з былых саўладальнікаў беларускай фабрыкі «Камунарка» Сяргей Скрабец, які некалі зазнаў гвалтоўную рэпрыватызацыю, адзначае падабенства гэтай сітуацыі са сваёй і не да канца верыць заявам украінскага інвестара пра палюбоўны выхад з праекту.

«Наколькі я ведаю, украінскі бок, яго прымусілі развітацца са сваймі грашыма, з інвестыцыямі, якія ўкладзеныя былі ў гэты завод», – распавядае былы саўладальнік «Камунаркі» Сяргей Скрабец.

На думку апытаных намі аналітыкаў, інвестыцыйны праект праваліўся праз перашкоды на расейскім рынку. У прыватнасці праз імклівае развіццё тамтэйшай праграмы імпартазамяшчэння ды рэзкае зварочванне супрацы паміж Масквой і Кіевам.

«Калі Расея сябе так паводзіць, не пастаўляючы нам камплектавальныя для верталётаў для рамонтнай базы, значыць, трэба ствараць свае», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Аршанскі авіярамонтны завод спецыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі верталётаў. Сёння ён рамантуе прыблізна па 10 адзінак тэхнікі за год. «Матор Січ» – адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў авіяцыйных рухавікоў – збіраўся з часам павялічыць вытворчасць у Воршы ў 10 разоў. На думку бальшыні апытаных намі гульцоў рынку, завод быў, хутчэй, сканфіскаваны, чымся выкуплены. Гэта магло зэканоміць мільёны долараў наступнаму пакупніку, але можа каштаваць краіне мільярды долараў адпалоханых інвестыцыяў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат». Фота: president.gov.by