Аб'ектыў 21.01.2019 «Было, што і танулі…» Жыхары Хорску дабіраюцца на працу паўзком па лёдзе


Ехаць на працу або да доктара ў суседні горад – звычайная справа для вяскоўцаў. Гэтак і жыхары Хорску, што ў Столінскім раёне Берасцейшчыны, у суседні Давыд-Гарадок звычайна дабіраюцца па пантонным мосце цераз канал. Аднак калі рака пакрываецца лёдам, пераправу прыбіраюць.

«Там і больніцы, там і паліклінікі, там і на працу людзі ходзяць, і ў аптэку трэба. Век пра век была дарога, пасля разрылі, гэты пантом. Ну летам-та яшчэ ладна, ну а паўгода людзям як дабірацца?» – абураецца жыхарка вёскі Хорск Марыя.

А дабіраюцца праз канал – пешшу, калі стаяць маразы і шанцаў, што лёд трывалы, больш. Або вось так – паўзком, калі небяспека праваліцца павялічваецца. Жыхары вёскі Хорск:

«Было, што і танулі… У нас адзін ішоў з працы, ужо багата гадоў было, патануў ён тут».

«Вельмі патрэбная пераправа. Праз лёд хадзіць траўматычна. Цяпер ішла, таксама ўдарылася, упала. Тата стаяў, падымаў, сама не магла падняцца».

Усталяваць падвесны мост паміж вёскаю ды Давыд-Гарадком жыхарам абяцалі яшчэ трыццаць гадоў таму, калі пачыналі будаваць канал. Не так даўно мясцовыя сабралі за будаўніцтва хаця б пешаходнага мосту паўсотні подпісаў, аднак адказ мясцовых уладаў – катэгарычны. Анатоль Скрабец, старшыня Харомскага сельскага выканкаму:

«Будаўніцтва мосту там не плануецца. Там мост ставіцца ў летні час – наплаўны мост ставіцца там, а ў зімовы перыяд, калі разводзіцца мост, даюцца дадатковыя рэйсы – аўтобус».

Пасля зваротаў вяскоўцаў Столінскі райвыканкам і сапраўды пусціў аўтобус з Давыд-Гарадка ў Хорск. Але той робіць тры рэйсы на дзень, і тое – у будні. Да таго ж пераправа праз раку – паўтара кіламетра, а шлях у аб’езд займае каля шасці кіламетраў у адзін бок. Аўтамабіль жа ў вёсцы – хутчэй не сродак перасоўвання, а раскоша.

«Заехаць туды, хадзіць пешшу – складана. На ровары магу крыху ехаць, лягчэй перамяшчацца. І быў вымушаны ехаць гэтую адлегласць туды-назад – 20 кіламетраў. Уявіце, у 80 гадоў рабіць на ровары 20 кіламетраў», – распавядае Аляксей Якімовіч, жыхар вёскі Хорск.

У сваім звароце жыхары Хорску просяць абмеркаваць праблему на агульным сходзе, а таксама выказваюць спадзеў, што сёлета ў бюджэце грошы на мост знойдуцца. Пакуль жа вёска застаецца ў фактычнай ізаляцыі.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары