Бязвінна адседзеў у СІЗА 51 месяц – суд апраўдаў Андрэя Галавача


Суд Першамайскага раёну апраўдаў Андрэя Галавача. Галоўнага інжынера Менскага заводу колавых цягачоў абвінавачвалі ў хабары, але дагэтуль – тройчы апраўдвалі. Як сталася магчыма, што мужчына правёў у ізалятары 4 гады свайго жыцця?

51 месяц у Следчым ізалятары, каб урэшце ў чацвёрты раз пачуць апраўдальны вырак. Галоўнага інжынера Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача адпусцілі ў зале Першамайскага суду сталіцы.

«4 гады, 2 месяцы і 14 дзён…» – узгадвае сваю няволю Андрэй Галавач.

«Дамоў паедзем!» – кажа наўзрыд малодшая дачка, бачачы бацьку на волі.

Усе гэтыя гады ўжо былы падсудны сваёй віны не прызнаваў і казаў, што ніякіх хабараў не браў.

«Вы ўвогуле верылі, што сёння так адчыніцца клетка?» – пытае журналістка.

«Так. З першага дня!» – адказвае Андрэй Галавач.

Пракурор Юрый Шарснёў прасіў асудзіць Андрэя Галавача на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Следства цвердзіла, што галоўны інжынер атрымаў хабары або меў намер атрымаць на агульную суму крыху менш за паўмільёна долараў.

«Я так разумею, што суд палічыў прадстаўленых следствам, бокам абвінавачання доказы недастатковымі. Для нашых апошніх гісторыяў – нячаста такое бывае. Таму гэта і для мяне хвалявальна», – гаворыць адвакат Аляксей Швакаў.

Але гэтае абвінавачанне не было першым. Андрэя Галавача затрымалі ў траўні 2015-га і асудзілі на 8 гадоў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці нібыта за атрыманне хабару 180 тысяч рублёў. Але потым мужчыну апраўдалі ажно ў трох судах: раённым, гарадскім і Вярхоўным.

«Мама, не хвалюйся, хутка ўбачымся», – гаворыць Андрэй Галавач па тэлефоне адразу пасля сённяшняга вызвалення.

Аднак тады на свабоду Андрэя Галавача не выпусцілі – адразу пасля апраўдання завялі новую крымінальную справу і пакінулі ў СІЗА.

«Улічваючы, што гэта не крымінальны аўтарытэт, улічваючы, што гэта не звязана з наркотыкамі, не звязана з забойствам, навошта было чалавека мучыць столькі гадоў? Адназначна, чаму яго не выпускалі, бо нехта атрымаў званні, пагоны ў самым пачатку, калі яго арыштавалі», – мяркуе Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву».

За свайго галоўнага інжынера ў лістах да суда і кіраўніка дзяржавы актыўна заступаліся сотні працаўнікоў заводу. Падобныя меркаванні мы сёння пачулі ад работнікаў на камеру:

«Нічога дрэннага сказаць не магу. Найлепшы галоўны інжынер!» – «Як вам ён як спецыяліст?» – «Супер. Хутчэй бы ён вярнуўся».

«Я ўвогуле не разумею, што робіцца ў гэтай дзяржаве. Я ўжо 46 гадоў на гэтым заводзе. Я яго ведаў, калі яшчэ працаваў у мяне, я майстрам быў. Я не разумею, хто там што круціць. Яны цяпер баяцца самыя за сябе, каб у турму самым не сесці».

«Такое нельга дапускаць. Нельга так з людзьмі. З добрымі, прыстойнымі людзьмі».

«Так доўга разбірацца з гэтай справай, хтосьці мае несці за гэта адказнасць».

З апошняй думкай згодны і праваабаронца Алег Волчак:

«Ці будуць пакараныя следчыя, пракуроры, наглядальныя пракуроры, начальнік Следчага камітэту – усё ж такі, ён меўся курыраваць! Таму для мяне ён палітычны вязень. Таму што барацьба з карупцыяй пераўтвараецца ў гонку ўзбраенняў. Разумееце, усіх запар грабуць, абы адрапартавацца!»

Адметна, што адвакатку Веру Арэшку, якая дабілася апраўданняў Андрэя Галавача падчас першай справы, цяпер самую абвінавачваюць у захоўванні зброі і разгалошванні таямніцы следства. Вера Арэшка застаецца ў шпіталі і віны не прызнае.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu