Аб'ектыў 25.11.2018 «Бясконцая Санта-Барбара». Расея супраць яшчэ 11 беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў


Расея распачала чарговы раунд мяса-малочнай вайны супраць Беларусі.

«У прадукцыі 11 беларускіх прадпрыемстваў лабараторыямі, падначаленымі «Рассельгаснагляду», выяўленыя парушэнні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюзу і Расеі», – гаворыцца ў паведамленні «Рассельгаснагляду».

З сёння гэтыя прадпрыемствы на расейскі рынак не могуць пастаўляць свае вырабы «Белавежскія далікатэсы», «Віцебская бройлерная фабрыка», птушкафабрыка «Дружба» і Слуцкі мясакамбінат.

Прадукцыю з Бярозаўскай і Дзятлаўскай сыраварняў, Пастаўскага, Пінскага і Слонімскага мясакамбінату, а таксама з агракамбінатаў «Дзяржынскі» і «Белавежскі» паставяць на адмысловы лабараторны кантроль.

«Расейска-беларускія «малочныя» узаемадачыненні – гэта ўжо нейкая «Санта-Барбара», якая будзе доўжыцца бясконца», – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Эксперт перакананы, што, хоць забароны і маюць выбарчы палітычны характар, яны могуць абапірацца на рэальныя парушэнні ў якасці.

Сайт «Рассельгаснагляду» паведамляе пра новыя перамогі ў змаганні з санкцыйнаю прадукцыяй. Яблыкі ды сыр з Польшчы, мяса з Украіны – усё знаходзіць свой спачын на адмысловых палігонах.

Хваляцца расейскія санітары, напрыклад, і разваротам прадукцыі з Казахстану, які, як і Беларусь, – таксама ў эканамічным саюзе з Расеяй.

«Вельмі важна разумець, што праз Беларусь і Казахстан у Расею ідзе каласальная плынь шэрага імпарту, няўлічанай прадукцыі, кантрафакту. Раней ішлі з еўрапейскіх краінаў у Расею, цяпер яны фармальна пад забаронаю. Вядома, гэтага ніхто не адмяняў. Сапраўды, аб’ём імпарту ідзе. Зразумела, што ён вялікі, нікуды ён не скараціўся, а нават вырас», – кажа расейскі эканаміст Уладзіслаў Жукоўскі.

Магчыма, менавіта рээкспарт беларускімі прадпрыемствамі санкцыйнай прадукцыі можа быць сапраўднаю прычынай накладзеных абмежаванняў. Што праўда, адзінага меркавання няма.

Напрыклад, Аляксандр Ярашук лічыць, што лобі расейскага аграпрамысловага комплексу аказвае і палітычны ціск на расейскія ўлады, каб беларускую прадукцыю паступова выціскаць.

«Прагназую вельмі дрэнныя для нас часы і перспектывы», – дадае Ярашук.

Урэшце менавіта на расейскі рынак прыпадае больш за 90 % беларускага сельскагаспадарчага экспарту.

Вітаўт Сіўчык; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары