Бярэм крэдыты, каб расплаціцца за папярэднія


Беларусі даюць новыя крэдыты, бо дзяржава спраўна разлічваецца па старых.

Беларусь спадзяецца на новыя крэдыты, як з Захаду, гэтак і ад еўразійскіх структураў. Для гэтага актывізуецца супраца з міжнароднымі інстытуцыямі.Пра гэта заявіў міністр фінансаў Уладзімір Амарын. У сувязі з тым усё больш актуальнае робіцца пытанне – чым будзем аддаваць?

У траўні Міністэрства фінансаў чакае атрымання шостага траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця памерам 200 мільёнаў долараў. Дарэчы, з 2016 году Беларусь атрымала ўжо мільярд, шэсцьсот мільёнаў долараў у рамках гэтага крэдыту. Таксама Міністэрства фінансаў заяўляе пра неабходнасць атрымання крэдытаў і ад Міжнароднага валютнага фонду. Хоць летась Аляксандр Лукашэнка асабіста заявіў, што Беларусь патрэбы ў дапамозе ад гэтай фінансавай арганізацыі не мае.

«Беларускія ўлады ўсё роўна паспрабуюць працягнуць дыялог з МВФ, нават калі яго вынікам не стане атрыманне новых крэдытаў. Справа ў тым, што супраца з МВФ нават без атрымання грошай, а проста на ўзроўні кансультацыяў, абследаванняў і атрымання нейкіх рэкамендацый – ужо карысная для краіны і важная для іншых крэдытораў», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Па стане на сакавік, дзяржаўны доўг нашай краіны склаў каля $ 16,5 млрд.

«Дзяржаўная пазыка расце хутчэй, чым эканоміка. Пагасілі два мільярды трыста мільёнаў долараў, а ўзялі амаль тры з паловай»,заяўляў Лукашэнка ў сакавіку.

За апошнія сем гадоў валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас усяго на 6 %, у той момант як сусветны рост ВУП склаў 25 % – у чатыры разы больш.

«З абслугоўваннем доўга, хоць гэта даволі напружана для нашых малых валютных запасаў, пакуль усё складваецца больш-менш добра, мы спраўна сплачваем свае вонкавыя запазычанасці. Гэта дазваляе атрымліваць станоўчыя ацэнкі крэдытораў і рэйтынгавых агенцыяў і разлічваць на даданыя вонкавыя пазыкі, якія выкарыстоўваюцца для рэфінансавання даўгоў», – кажа Фрыдкін.

Бярэм новыя крэдыты, каб аддаць папярэднія. Замкнёнае кола, выхад з якога хоча ў бліжэйшы час знайсці кіраўніцтва краіны. Якім ён будзе – ніхто не ведае.

Зміцер Міцкевіч; фота – Васіль Фядосенка/Reuters