«BY_POL» – дапамога для былых сілавікоў


Чым больш сілавікоў пяройдзе на бок народу, тым хутчэй і з меншымі ахвярамі адбудуцца дэмакратычныя змены ў краіне. «BY HELP», «BY_SOL», а цяпер яшчэ і «BY_POL» – яшчэ адна праграма дапамогі, і яшчэ адзін шанец вырвацца з сістэмы для беларускіх сілавікоў.

Беларускіх сілавікоў, якія звольніліся на знак пратэсту, прыме Польшча. Гэтак, праграма дапамогі працаўнікам сілавых структураў, якую праз ціск з боку ўладаў згарнуў Мікіта Мікада, знайшла працяг у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве. А каардынуе яе былы следчы Андрэй Астаповіч, які і сам атрымаў дапамогу ад польскай паліцыі, з цяжкасцю ўцёкшы з Беларусі.

«Мы разглядаем пытанне, каб усім сілавікам, хто адмовіцца выконваць злачынныя загады, мы маглі надаць абарону тут, калі раптам паўторыцца сітуацыя, як у мяне, і давядзецца тэрмінова выязджаць з краіны», – кажа Андрэй Астаповіч.

Польскі бок абяцае не толькі псіхалагічную і грашовую дапамогу, але таксама спрыянне ў легалізацыі перабывання ў краіне, у пошуку працы ды нават пры неабходнасці – фізічную ахову. Старшыня незалежнага прафесійнага звязу паліцыянтаў у Варшаве Рафал Янкоўскі яшчэ ў пачатку верасня звяртаўся з заклікам да беларускіх сілавікоў ды цяпер пацвярджае гатовасць сваёй арганізацыі дапамагаць тым, хто адмовіцца ўжываць сілу і ґвалт супраць мірных людзей:

«Калі хтосьці адмовіцца ад удзелу ў злачынствах супраць народу і апынецца ў Польшчы, я гарантую, што з майго боку ды з боку маіх калегаў з прафесійнага звязу паліцыянтаў і нават ад усёй паліцыі будзе падтрыманне».

Апроч прафзвязу паліцыі, праграма «BY_POL» абʼядноўвае высілкі паўтара дзясятка няўрадавых арганізацыяў, а таксама дзяржаўных органаў.

«Сённяшні дзень, сімвалічна кажучы, – гэта нашая вялікая адказнасць. Бо мы ўсе думаем, што Беларусь мусіць стаць дэмакратычнаю краінай. Мы бачым гэты незвычайны запал, незвычайную рашучасць грамадства, і нельга гэтага капіталу знішчыць, яны падаюць таксама і нам прыклад», – лічыць намесніца омбудсмана Рэспублікі Польшча Ганна Махіньска.

Пра гарантыі для сілавікоў казала і Святлана Ціханоўская, падкрэсліўшы, што ў новай Беларусі не будзе нявольніцкіх практык адпрацоўвання пасля навучання ці вялізных кампенсацыяў за скасаванне кантракту:

«Усе, каго звольнілі ці хто быў вымушаны звольніцца, будуць адноўленыя з захаваннем бесперапыннага стажу і выслугі. Тым, хто адмовіўся здзяйсняць злачынствы супраць грамадства, абавязкова вернуць ці захаваюць усе сацыяльныя гарантыі, што ім належаць. А галоўнае, вам не давядзецца баяцца, што ў краіну вернуцца закон і дзеянне права. А яны абавязкова вернуцца».

Паводле інфармацыі фонду «BY SOL», які дапамагае тым, хто страціў працу праз палітычныя перакананні, толькі да іх па дапамогу звярнуліся ўжо больш за тысячу чалавек. І каля траціны гэтых людзей – былыя сілавікі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»