Бульвар Галінага кахання ці Гарбаты мост? Магілёўцы абіраюць новыя назвы вуліц


Меўся быць бульвар Галінага кахання – з такою прапановаю выступіла магілёўка Галіна Мартынава, але застанецца Гарбаты мост. Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме не ўхваліла прапанову гараджанаў аб перайменаванні мосту на праспекце Міру ў Магілёве.

«Былі заявы, што гэты мост павінен быць названы ў гонар Машэрава, камусьці падабалася назва Галіна каханне, але тапанімічная камісія вырашыла, што гэты мост застанецца Гарбатым, і мне гэта вельмі падабаецца», – кажа сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін.

Гарбаты – гэта такі мясцовы тапонім, устойлівая назва, якая нараджаецца і жыве ў народзе. І менавіта такімі, на думку гісторыка Алеся Агеева, і мусяць быць назвы вуліц і завулкаў. Але па назіраннях сябра тапанімічнай камісіі Алеся Агеева ў рэчаіснасці ўсё не так:

«У нас найбольш гэта звязана з Вялікай Айчыннай вайной. На другім месцы ідуць дзяржаўныя дзеячы савецкага перыяду, потым у нас ёсць яшчэ дзеячы культуры, але зноўку яны, як правіла, або сусветныя, або расейскія».

Сёлета магілёўцы як ніколі актыўна высоўвалі прапановы да тапанімічнай камісіі. Імем Машэрава хацелі назваць плошчу перад гарвыканкамам, а новы парк Падміколле – паркам Перамогі. Гэтых прапановаў не падтрымалі.

«Для нас самае галоўнае – гэта каб горад Магілёў набыў своеасаблівае аблічча, каб не быў падобны да іншых гарадоў. Каб, калі прыехалі ў Магілёў, яго пабачылі», – тлумачыць сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін.

Сёння ж бачым тое, што ў любым постсавецкім горадзе: вуліцы Ленінскую, Першамайскую, праспект Міру і плошчу Леніна. Хаця ўсе яны некалі мелі свае ўнікальныя гістарычныя назвы.

Якія назвы ў горадзе найбольш недарэчныя, адказваюць жыхары Магілёва:

«Трэба ісці ў будучыню, а ў будучыню ісці з вуліцамі Леніна, там, Савецкімі – гэта, напэўна, у нікуды».

«У нас зашмат – плошча Леніна, вуліца Ленінская, часам блытаеш насамрэч».

«Ведаеце, мяне ўсё задавальняе, усе вуліцы мне падабаюцца».

«Недарэчная вуліца Першамайская, недарэчная вуліца Ленінская».

Пяць год таму ў Магілёве ўжо адбыўся яскравы прыклад дэсаветызацыі. Плошчу перад ратушаю перайменавалі з Савецкай у плошчу Славы. Гэта быў кампраміс паміж савецкай і гістарычнай назваю. Сябра тапанімічнай камісіі Алесь Агееў кажа:

«Ёсць проста жаданне гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да нашых продкаў. Устойлівыя гістарычныя тапонімы павінны існаваць у горадзе Магілёве».

На сходзе ў грамадскім цэнтры «Кола» магілёўцы абмеркавалі, якія тапонімы трэба аднавіць у першую чаргу. Удзельнік абмеркавання Анатоль Прасаловіч гаворыць:

«Трэба найперш перайменаваць самыя папулярныя сярод насельніцтва назвы – гэта назвы рынкаў Менскага і Быхаўскага, таму што, я думаю, 98 % людзей, якія называюць Быхаўскі рынак Быхаўскім, а не Магілёўскім. Гэта тупасць вялікая, калі ў Магілёве Магілёўскі рынак».

На абмеркаванні распачалі збор подпісаў за вяртанне гістарычных назваў часткам вуліцы Ленінская і Лазарэнкі. Бо толькі такім шляхам Магілёў паступова стане ўнікальным беларускім горадам.

Вольга Васільева belsat.eu