Булінг у школах: з 14 гадоў можна змагацца адміністратыўнымі метадамі


Прыкладна палова ўсіх падлеткаў становіцца ахвярамі цкавання ў навучальных установах, кажуць даследчыкі ЮНІСЭФ. Амаль кожны зазнаваў псіхалагічны ці фізічны ціск з боку аднагодак або настаўнікаў. Ці сам станавіўся агрэсарам.

Непасрэдна цяпер 10-15 адсоткаў школьнікаў ідуць на вучобу як на катаргу. Але не трэба і афіцыйнай статыстыкі, каб казаць, наколькі распаўсюджаная праблема булінгу. Гэтае англійскае слова азначае цкаванне альбо пераслед аднаго з чальцоў калектыву. Ці сутыкаліся з булінгам у школьны час вы? Мы запыталі мінакоў на вуліцах сталіцы.

«Мой голас, ён такі высокі. Таму казалі, што выглядаю, як жанчына, голас таксама, як жаночы».

«Мяне вельмі не любілі аднакласнікі. Але ніхто не казаў, чаму, але так, такое было».

«Я сам быў кепскім падлеткам. Сам гэтыя рэчы распачынаў. Раскайваюся. Я рос без бацькі. Мяне гэта раздражняла. І вось я стараўся насаліць тым, хто казаў, што вось, мы з бацькам на рыбалку едзем».

Праблема булінгу прыцягвае ўсё больш увагі адмыслоўцаў. У Менску адбыўся круглы стол, прысвечаны праблеме. Наталля Сіндзеева, педагог з вучэбнага цэнтру «Сігма» кажа:

«Я сама калісьці была ўдзельніцай булінгу. То бок, мяне булілі некалі ў школе. Гэта было цяжка перажыць, і на той момант дапамогі не было ніякай. А цяпер у мяне дзіцё збіраецца ісці ў школу ў першы клас. І я бачу што цяпер адбываецца ў дзіцячым садку. Не ўсе бацькі вучаць сваіх дзяцей, як трэба стасавацца, як трэба знаходзіць агульную мову».

Падлеткі ж праблему часта замоўчваюць, не звяртаюцца да спецыялістаў, кажа псіхолаг Марыя Сосніна:

«Як правіла, булінг пышным цветам расцвітае ў пэўным узросце. Гэта недзе з другога класа па сёмы. Дзеці сябе па-рознаму праяўляюць, спрабуюць сябе ў розных ролях. І тут самыя дзеці не вырашаць гэтых пытанняў. Гэта пытанні дарослых».

Псіхолагі працуюць ужо з наступствамі булінгу. А каб яго папярэдзіць, лічаць яны, праблему трэба выносіць у прававое поле. Абразы і паклёп, вымагальніцтва грошай – юрысты падрыхтавалі памятку для бацькоў і настаўнікаў, як некаторыя прыкметы булінгу падпадаюць пад адміністратыўныя артыкулы. Юрыстка Тамара Сідарэнка з Беларускага хельсінкскага камітэту нагадвае:

«То бок, ужо з 14 гадоў мы можам падлетка прававымі метадамі, пакуль мяккімі, адміністрацыйнымі, прыводзіць у пачуцці. І яго бацькоў. Таму што ёсць адказнасць бацькоў у выпадку кепскага выхавання сваіх дзяцей. Дзеці не часта ведаюць, што ёсць і крымінальная адказнасць».

Пытанне – як вызначыць агрэсію і гвалт у школе, як сабраць доказы злачынстваў, – настаўнікі раскрываюць адзінкавыя выпадкі, а дзеці ўсё яшчэ не ведаюць, як сябе бараніць. Агульнай прышчэпкі ад цкавання пакуль няма, але праблема ў грамадстве гучыць усё выразней.

Таццяна Уласенка, «Белсат»