«Будзем больш плаціць за ўнітаз». Кошты на паслугі ЖКГ выраслі


Ад сёння падвышаюцца тарыфы і кошты на жыллёва-камунальныя паслугі і некаторыя тавары. Грамадзяне скардзяцца на нізкія заробкі і пенсіі, а эксперты нагадваюць, што сістэма ЖКГ не прайшла рэформаў.

Батарэі цяпер не грэюць, але актыўна карыстаемся цёплаю вадой. У ліпеньскіх жыроўках пабачым змены: тарыф на цеплазабеспячэнне павысілі больш як на долар у эквіваленце. Субсідаваныя тарыфы на цяпло такім чынам выраслі да 18,4831 рублёў за Гкал.

Паслугі ЖКГ цягам паўгода выраслі на $ 3,9 у эквіваленце, калі разлічваць для тыпавой 2-пакаёўкі з трыма жыхарамі. Запланаваны гадавы максімум – 5 долараў росту.

Жыхары Магілёва кажуць:

«На жаль, трошку адстаюць камунальныя, а квартплата павышаецца. Для мяне гэта істотна».

«Трэба неяк гэта ўсё прыпыніць, дастаткова ўжо вырасла аплата. Кватэра добры кавалак забірае з пенсіі».

«Я думаю, што гэта не зусім справядліва і вельмі заўважна для ўсіх жыхароў Магілёва».

«То бок калі ёсць грошы – плаці за карыстанне вадою і ўсімі іншымі зручнасцямі, альбо… не трэба брудзіцца».

…А таксама менш гатаваць і цяплей апранацца. Бо сёлета ў цане раслі таксама газ, вада, электрычнасць, капрамонт ды санітарнае ўтрыманне дамоў. Эксперт у галіне ЖКГ кажа, што тарыфы ўсталёўваюць толькі манапалісты ў краінах, якім неабходная адпаведная рэформа.

«Ёсць панятак сабекошту той ці іншай паслугі, і ён усталёўваецца тым, хто прадукуе гігакалорыі, кілават-гадзіны і іншыя віды паслуг. І такім чынам, калі мы набываем на канкурэнтнай аснове кілават-гадзіну ці гігакалорыю, мы ведаем, за што мы плацім. Гэтая цана ёсць справядліваю», – тлумачыць Уладзімір Навасяд, дырэктар установы «Эфектыўнае кіраванне будынкамі».

Летась паслугі жыллёва-камунальнае гаспадаркі былі ў ТОП-10 найбольш дарагіх тавараў і паслуг. Як будзе ў бягучым годзе?

«Як людзі кажуць «мы ж цяпер працуем на ўнітаз». А гэта другая паводле ступені важнасці паслуга. Мы цяпер будзем больш плаціць за той жа ўнітаз, на які працуем, па сутнасці. Гэта – прадукты, ЖКГ і ўсё, што звязана з дзецьмі», – дадае Уладзімір Навасяд.

Сёння змяніліся таксама кошты на сотавую сувязь і цыгарэты… У другое паўгоддзе пераскочыла інфляцыя. Ратуючыся ад стратаў праз падатковы манеўр Расеі, Менск паслядоўна павялічвае экспартнае мыта на нафту. Вынятак – гэты месяц, калі мыта знізілі на $ 10,1 да $ 100,3 / 1 т.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Замест таго, каб перастаць думаць, што Беларусь – гэта нафтавы эмірат і скончыць у рэшце рэшт з нафтаваю залежнасцю і пачаць сапраўдныя рэформы, як, напрыклад, такія, якія прывялі да дабрабыту Ірландыю, Славаччыну, Польшчу, Эстонію, мы зноў думаем пра тое, як вярнуцца да мінулага, і гэта стратэгічная памылка».

Палепшыцца дабрабыт можа і за кошт большае празрыстасці ў дзяржзакупках. Ад першага ліпеня ўсе яны пяройдуць у электронны фармат. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Пры аб’ёме дзяржзакупак больш, чым $ 7 млрд, адкаты і хабар складае $ 2 – 2,5 млрд. Магчыма, крыху зменяцца схемы, паводле якіх мы, падаткаплатнікі, пакупнікі тавараў, плацім гэтым наменклатурна-сілавым кланам».

Сярод падаткаплатнікаў пераразлічылі сёння толькі пенсіі для ваенных пенсіянераў, на 5,5 % – другое павелічэнне з пачатку года.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Lucy Nicholson / Reuters / Forum