Будучыя зоркі хакею з’язджаюць з Беларусі і мараць пра НХЛ


Чатыры трэнаванні на тыдзень, заняткі ў школе і польскаю моваю. Былы гулец дзіцячай каманды хакейнага клубу «Магілёў» Раман Сікора распавядае, як апынуўся ў варшаўскай «Легіі».

«У Беларусі, калі я гуляў, тата здымаў мяне на камеру ды рабіў нарэзкі маіх найлепшых момантаў, пасля ён паказваў гэтае відэа ў іншых клубах, і дырэктару школы спадабалася – ён мяне ўзяў», – дзеліцца Раман Сікора, брамнік ХК «Легія» (Варшава).

У Магілёве Раман пакінуў дзве паліцы з кубкамі і ўзнагародамі

Без яго каманда «Магілёў-2005» апусцілася ў сезоне з 1-га на 7-ае месца. А варшаўскі клуб, наадварот, зрабіўся лідарам.

«Я хачу набрацца досведу, патрапіць у добрую каманду і атрымліваць за гэта годны заробак, у НХЛ, напрыклад», – марыць Раман.

З’ехалі з Беларусі, бо не было перспектываў

Так кажа бацька і асабісты трэнер Рамана Вячаслаў Сікора. У Магілёве ім бракавала часу на лёдзе, апроч таго, бацька прасіў перавесці сына ў старэйшую каманду, але трэнеры адмовілі. У выніку Сікоры атрымалі прапановы і з Чэхіі, і з Польшчы.

«Нехта кажа што польскі хакей слабы, але час пакажа. І ўвогуле, брамніку не патрэбная моцная каманда гадоў да 15-ці. Трэба каб яму кідалі, кідалі, кідалі», – мяркуе Вячаслаў.

А што не так у Беларусі?

Перспектывы ў беларускага хакею ёсць, але трэба кардынальна мяняць працу з дзецьмі, тлумачыць «Белсату» былы гулец хакейнай школы «Юнацтва». Не зважаючы на тое, што навучанне ў хакейных школах бясплатнае, бацькі ўсё адно за сезон выдаткоўваюць тысячы долараў. А большасць бюджэтных сродкаў ідзе на падтрыманне «дарослага» хакею.

Раман не адзіны, хто з’ехаў, каб працягваць хакейную кар’еру

Вячаслаў Сікора адзначае, што нават трэнер жлобінскага «Металурга» паслаў свайго 10-цігадовага сына далей трэнавацца ў расейскі ЦСКА. Ёсць і яшчэ адзін момант, з якімі сутыкаюцца бацькі тых дзяцей, якія хацелі б гуляць у асноўных складах найлепшых камандаў.

«Што ў Беларусі, што ў Расеі там граюць бацькоўскія гаманцы. Напрыклад мой сын таленавіты і сын якога-небудзь бізнесоўца. Дык мой сын не будзе ніколі ў асноўным складзе, бо той бацька ўмее сябраваць гаманцом», – раскрывае сакрэт няўдачаў беларускага хакею спадар Сікора.

Падыходы да працы клубаў у Польшчы ды Беларусі прынцыпова розняцца, адзначае польскі трэнер Рамана Томаш Валковіч: тут невялікія бюджэтныя грошы можна атрымаць толькі на працу з дзецьмі.

Ужо неўзабаве перад адпачынкам у сезоне Раман з бацькам маюць намер паехаць на перамовы ў Чэхію, каб там працягнуць сваю кар’еру і шлях да хакейнае мары.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»