Будоўля ГЭС пад Віцебскам: дамы разбурылі, людзей падманулі


Два гады змаганняў у судах, візіты ў кабінетах самых розных чыноўнікаў – усё гэта не дало пажаданых вынікаў. Жыхары і дачнікі з вёскі Барвін Перавоз, што недалёка ад Віцебску, не здолелі абараніць, як кажуць, сваёй малой радзімы.

Некалі дзясяткі дамоў, сёння толькі два

«Чыноўнікі не ідуць насустрач людзям, яны не ўнікаюць у іх праблемы. Адным росчыркам пяра, паводле нейкіх шаблонаў, яны прымаюць свае рашэнні далёкія ад жыцця», – упэўнены Уладальнік Лецішча Андрэй Пшанічны.

Праблемы мясцовых прыйшлі ў 2015 годзе паралельна з будаўніцтвам самай буйной у краіне Віцебскай гідраэлектрастанцыі. Паводле першых праектаў, гэтыя тэрыторыі не ўваходзілі ў зону падтаплення.

Планы змянілі без кансультацыі з людзьмі

«Прыходзіць нейкая камісія, я падышла і спыталася: што будзе? А мне адказваюць: а вас не будзе. Я здзівілася, бо некалькі дзён перад гэтым тут лічылі дрэва, абяцалі дрэнаж і прыгажосць», – абураецца адна з падманутых жанчынаў Аксана Панэ.

Як выявілася пазней, у праект Віцебскай ГЭС былі ўнесеныя папраўкі з мэтаю палепшыць эфектыўнасць працы станцыі. Гэта азначала, што ўзровень вады падымуць яшчэ на два метры. Людзі забілі трывогу і пачалі звяртацца ўва ўсе магчымыя інстанцыі. Адмысловыя даследаванні паказалі, што частку вёскі Барвін Перавоз можна захаваць. Замоўнік будаўніцтва «Віцебскэнэрга» афіцыйна патлумачыў неабходнасць зносу бяспекаю людзей.

Нядбайнасць бюракратычнай машыны ці мутныя інтарэсы?

Такія пытанні прымушаюць задаваць мясцовых жыхароў іншыя факты. Побач з вёскаю Барвін Перавоз месціцца дачны пасёлак. Значная частка ўласнікаў лецішчаў, паводле мясцовых жыхароў, гэта чыноўнікі. Адмента, што селішча ляжыць ніжэй за вёску на некалькі метраў.

«Калі ваду паднялі да максімальнага ўзроўню, у мяне ў двары было суха. А там у садовым таварыстве толькі ямку ў агародзе выкапаеш і адаразу вада зʼяўляецца. Аднак нас зносяць а іх не», – зазначыў несправядлівасць рашэння мясцовы жыхар Сяргей Сергіенка.

Праблема закранула і бліжэйшыя вёскі

Цяцёркі ды Вярхоўе таксама зазналі разбурэнне. Агулам пад руйнаванне прызначылі кала сотні лецішчаў і жылых дамоў. Людзям паабяцалі кампенсацыі ў выглядзе іншага жытла або грошай. Частка былых уласнікаў лецішчаў і дамоў лічыць сябе пакрыўджанымі. Справа ў тым, што з моманту коштавай ацэнкі дамоў (у беларускіх рублях) і яе выплаты праходзіла некалькі месяцаў. Праз падзенне курсу рубля некаторыя страцілі нават траціну грашовай кампенсацыі. Іншыя наракаюць на неадэкватнасць вылучэння жытла.

«У каго вялікі домік, у каго малы – усім аднапакаёвыя кватэры. Калі пачынаем казаць пра іншыя будынкі на тэрыторыі лецішча, нам кажуць, што ўсё ўваходзіць у кватэру», – тлумачыць сутнасць праблемы спадарыня Панэ.

Хутка і астатнія дамы знікнуць з берагу Дзвіны

Што будзе на іх месцы? Былыя ўладальнікі лецішчаў не выключаюць, што зямля пустой надоўга не застанецца.

Ян Бабіцкі, «Белсат»