Будаўнікі і шахцёры бунтуюць супраць уладаў


Салігорскія будаўнікі і шахцёры змагаюцца з мясцовымі ўладамі. Яны зладзілі мітынг, каб патрымаць стварэнне незалежнага прафсаюзу ў адным з будаўнічых трэстаў. І запрасілі «Белсат», каб пра сітуацыю даведалася як мага больш людзей.

Забароненыя сцягі, воклічы «Жыве Беларусь!» і заклік да працоўнай салідарнасці ў атачэнні міліцыянтаў у цывільным. Салігорскія будаўнікі, шахцёры ды іншыя працоўныя людзі зладзілі акцыю пратэсту, каб прымусіць мясцовыя ўлады да дыялогу:

«Дабіваемся справядлівасці, каб да нас было больш увагі».

«Я знаёмы з хлопцамі з «Раммантажбуду» і прыйшоў, каб іх падтрымаць, каб яны маглі прымаць удзел у калектыўных перамовах, каб маглі абараняць правы працаўнікоў».

Абараніць свае правы законным шляхам спрабуюць працаўнікі будаўнічага трэсту «Раммантажбуд», які раней належаў «Беларуськалію».

«Гэта адно з прадпрыемстваў, якое вывелі ў аўтсорсінг, як асобная юрыдычная асоба. І нам неабходна было для тых чальцоў прафсаюзу, якія былі ў НПГ (Незалежным прафсаюзе гарнякоў), правесці ўстаноўчы сход і зарэгістраваць першасную арганізацыю ў мясцовых органах улады», – распавядае Сяргей Чаркасаў, старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў ААТ «Беларуськалій».

Чатыры сотні былых чальцоў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў пасля выхаду са складу «Беларуськалію» двойчы спрабавалі зарэгістраваць першасную прафсаюзную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу: збіралі ўстаноўчы сход пад пратакол, падавалі адпаведныя дакументы.

«Сацыяльнае супрацоўніцтва, аб якім кажа Працоўны кодэкс, нацэльвае нас на тое, каб мы супрацоўнічалі, працавалі разам. Але салігорскія ўлады пайшлі на такі крок і не рэгіструюць нашую арганізацыю», – гаворыць старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін.

Працаўнікі «Раммантажбуду» кажуць, што старшыня Салігорскага райвыканкаму Алег Паскробка не толькі адмовіў у рэгістрацыі, але і адмаўляецца тлумачыць сваё рашэнне адпаведна заканадаўству. Дзеянні чыноўнікаў удзельнікі акцыі называюць парушэннем Канстытуцыі і канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 87, якую Беларусь падпісала.

«Мы звярнуліся да міжнародных структураў, да нашага Кангрэсу (прафсаюзаў), да незалежных СМІ – да вас», – кажа Сяргей Чаркасаў, старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў ААТ «Беларуськалій».

У выніку на Салігорск звярнулі ўвагу не толькі беларускія прафсаюзы, але і, напрыклад, генеральны сакратар сусветнай федэрацыі прафсаюзаў «IndustriALL» Вальтэр Санчэс.

«Вальтэр Санчэс звярнуўся непасрэдна да старшыні Салігорскага райвыканкаму Паскробкі Алега Рыгорыча і да Аляксандра Лукашэнкі», – каментуе старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін.

Мясцовыя ўлады адмовілі працаўнікам правесці шэсце, дазволілі толькі пікет на стадыёне на ўскрайку гораду. Але, нягледзячы на вялікую колькасць міліцыянтаў і вобшукі ўдзельнікаў, людзі зладзілі сапраўдны мітынг.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu