Будаўнічы гігант «Гомельпрамбуд» тры месяцы не выплачвае працоўным заробкі


Рабочыя сядзяць без капейкі, а начальства эвакуюецца. Спагнаць з роднага прадпрыемства заробак працаўнікі «Гомельпрамбуду» вырашылі з дапамогай пракуратуры. Што паставіла будаўнічы гігант на мяжу банкруцтва?

«На сённяшні дзень мы не маем ані капейкі з заробленых за красавік месяц!»

Павел Главацкі, рабочы ААТ «Гомельпрамбуд», і ягоныя калегі з філіялу Упраўлення будаўнічай індустрыі «Гомельпрамбуду» звярнуліся да журналістаў і ў пракуратуру. Сціплы заробак памерам 450 рублёў не плацяць ужо тры месяцы:

«Дырэктар не можа са сваймі абавязкамі справіцца, грошы нашыя заробленыя забраць. Ён падключае чыноўнікаў. Але і чыноўнікі не спраўляюцца, таму што да канца месяца, паводле дамоўленасці, грошай мы не атрымалі. Як забяспечыць сям’ю, у мяне трое дзяцей – гэта нікога не турбуе».

Грошы, як тлумачаць рабочыя, «Гомельпрамбуд» ужо пяць гадоў не можа забраць з будаўнічых пляцовак іміджавых дзяржаўных праектаў – будаўніцтва калійнага камбінату ў Туркменістане ды БелАЭС.

Альберт Апякун, рабочы ААТ «Гомельпрамбуд»:

«Тут дзяржава закрывае памылкі свае і памылкі «Гомельпрамбуду» нашымі грашыма!»

Варта звяртацца не толькі ў пракуратуру, але і падаваць на працадаўцу ў суд – раіць праваабаронца Васіль Максіменка. На ягоную думку, дзеянні кіраўніцтва «Гомельпрамбуду» трапляюць нават пад крымінальны артыкул – прыўлашчванне чужой маёмасці.

Алесь Яўсеенка, Беларускі Хельсінскі камітэт:

«Яны чужымі грашыма карыстаюцца. Напэўна ж, яны выплачваюць нейкія падаткі, арэнду, дзяржаўныя пазыкі, якія ім даюць, камунальныя, прафсаюзныя ўнёскі ім плацяць. Напэўна, гэтыя плацяжы праводзяцца, а заробак – не праводзіцца!»

У дзяржаўнай кампаніі, якая пяць гадоў не можа дабіцца разліку паводле кантрактаў, начальства затрымлівацца не жадае. За год з «Гомельпрамбуду» сышлі тры дырэктары. І гэта не канец, кажуць працаўнікі.

«З нашага філіялу звальняецца дырэктар Мамчанка Сяргей, галоўны інжынер Шаршнёў Сяргей. Вось гэтыя высокапастаўленыя службовыя асобы філіялу, наш карабель, які тоне, пакідаюць у першых шэрагах», – кажа рабочы ААТ «Гомельпрамбуд» Павел Главацкі.

Што застаецца рабочым? Частку памяшканняў і плошчаў «Гомельпрамбуд» ужо здае ў арэнду прыватным фірмам, напрыклад, кампаніі перагрузкі вугалю. Праца там кіпіць, а пытанне выплаты заробкаў прыватнік вырашае значна лепш, чым дзяржаўны гігант.

Аляксандр Папко, belsat.eu