БТ патлумачыла




Звесткі пра затрыманых учора працягваюць зʼяўляцца на старонках медыяў. Не засталіся ўбаку і дзяржаўныя тэлеканалы – але яны асвятляюць падзеі ў сваім стылі.

Напярэдадні на АНТ і СТВ выйшлі ідэнтычныя сюжэты пра затрыманне аўтамабіля з кактэйлямі Молатава, якія быццам бы вёз на Дзень Волі менчук Сяргей Кунцэвіч. У сюжэце яго назвалі прыхільнікам Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які ачольвае Мікалай Статкевіч.

Аднак яшчэ да выхаду сюжэтаў у інтэрнэце зʼявілася відэа, дзе бачна, як людзі ў чорным, якіх пасля дзяржаўныя медыі назавуць працаўнікамі КДБ, рыхтуюцца да гэтых здымак, а побач стаіць сіні «Фольксваген», які, імаверна, гэтым жа працаўнікам і належыць.

Як па мне то відавочна, што гэта была правакацыя ад сілавікоў і КДБ, у пратэстоўцаў не было ні палак, нічога, яны выйшлі на пратэст супраць таго, што адбываецца ў Беларусі.

Жонка спадара Статкевіча Марына Адамовіч таксама ўпэўненая, што выбуховыя кактэйлі з ейным мужам ніяк не звязаныя.

«Склалі пазлік, што называецца, таму я думаю, што гэта – хворая фантазія чарговы раз спрабуе шукаць яго верных нукераў».

Прычым гэта далёка ня першы псеўдавыкрывальны сюжэт за гэты месяц: шостага сакавіка, пасля акцыяў недармаедаў у рэгіёнах, БТ паказала 25-ціхвілінны фільм «Званок сябру» пра Статкевіча ды анархістаў, дзе гледачоў пужалі Майданам і тэрактамі.

Але такія сюжэты беларусам ужо знаёмыя: пасля выбараў 2010-га года на БТ выйшаў быццам выкрывальны фільм «Жалезам па шкле», а ў 2006-ым гледачоў пужалі тым, што апазіцыянеры нібы плануюць закінуць у менскі водаправод дохлых пацукоў.

Юры Хашчавацкі, рэжысёр-дакументаліст:

«Яны пужаюць аднаго чалавека – яны пужаюць Лукашэнку. У тым, што ён спужаўся гэтай інфармацыі ад спецслужбаў пра кактэйлі Молатава ў Статкевіча – я не сумняваюся».

На думку Юрыя Хашчавацкага, такія сюжэты не толькі не выклікаюць даверу, але яшчэ больш абураюць народ.

НХ, belsat.eu