Аб'ектыў 31.03.2017 Брутальныя рэпрэсіі – спроба намацаць мяжу ў стасунках з Захадам?


Пасля трох гадоў зняволення выйшаў на свабоду праваабаронца Андрэй Бандарэнка

У мінулым засталіся цяжкія гады, праведзеныя ў адзіночнай камеры ў поўнай ізаляцыі.

«Быў пазбаўлены перадачаў, спатканняў, не было тэлевізара, я быў адзін. Інакш кажучы стварылі ўмовы, каб псіхалагічна зламаць», – узгадвае Андрэй.

У тым ліку і праз сталы ціск, правакацыі і завядзенне з ініцыятывы турэмнай адміністрацыі чарговай крымінальнай справы супраць Андрэя Бандарэнкі як злоснага парушальніка рэжыму. Вязню пагражалі дадатковыя два гады калоніі – гэткая помста турэмных працаўнікоў праваабаронцу, які адстойваў правы зняволеных ды змагаўся супраць свавольства сілавікоў.

Аднак суд вынес апраўдальны прысуд

Як мяркуюць праваабаронцы, што пільна сачылі за судовым працэсам, вызваленне Бандарэнкі – гэта палітычнае рашэнне: зʼяўленне чарговага палітычнага вязня істотна ўскладніла б дачыненні афіцыйнага Менску з Захадам. Не вырашыліся ўлады асудзіць сёння і апазіцыйнага палітыка – Анатоля Лябедзьку, які днямі браў удзел у кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі – найбуйнейшай палітычнай сілы Еўропы.

«Кожны трэці на Кангрэсе закранаў беларускае пытанне – міністры, дэпутаты». – распавёў Анатоль Лябедзька, лідар АГП.

Суд над Лябедзькам адклалі да 5-га красавіка

Але не ўстрымаліся ўлады і арыштавалі на чарговыя содні вызваленага чатыры дні таму Паўла Севярынца.

«Адно слова – беззаконне. Наконт Курапатаў справа, здаецца, абсалютна ясная, відавочная: дзяржава сама прызнала, што патрэбная мемарыалізацыя, забудоўшчык сышоў. Даюць 10 сутак!», – каментуе сітуацыю Павал Севярынец.

Працягваецца і пераслед рэгіянальных актывістаў

За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Берасці Наталлі Папковай далі 5 содняў Арышту, у Кобрыне Аляксандру Меху – 7, содняў. Антону Вайцехову прысудзілі 10 содняў. Вядомай віцебскай блогерцы Вользе Жураўскай за знятае відэа пратэстаў прызначылі Br 345 штрафу.

«Мы назіраем спробу намацаць мяжу, якую шукаюць беларускія ўлады, дзе тая мяжа трываласці ў стасунках з еўрапейскім звязам», – мяркуе Уладзь Лабковіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам пратэстоўцы атрымалі больш за 2000 содняў арышту і больш за Br 76 000 штрафу. Жорсткай рэакцыі заходніх палітыкаў на арышты дзясяткаў пратэстоўцаў дагэтуль няма.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары