Аб'ектыў 02.07.2018 БРСМ зладзіў Дзень вышыванкі з півам і шашлыкамі




Пачатак традыцыі штогод апранацца ў вопратку з нацыянальным узорам паклала моладзь з грамадскага аб’яднання «Арт-сядзіба». Новае свята неўзабаве падхапіла і дзяржаўная прапаганда. І вось сёння афіцыйную імпрэзу Дня вышыванкі, не толькі з вышыванкай, але з шашлыкамі і півам, у Менску зладзіла БРСМ.

Яшчэ на выхадзе са станцыі метро «Плошча Перамогі» нас сустракае пах перапаленых шашлыкоў. Ідзем на яго, каб трапіць на Свята вышыванкі, хоць трапляем хутчэй на свята парасонаў.

«Гэта культура беларускага народу, гэта нашыя бабулі і дзядулі, якія былі ў строях, што самі вышывалі».

«А самі вышыванку маеце дома? Не, не маю. Але давядзецца. Было не модна. А цяпер стала модна».

Паводле фармату, імпрэзы Свята вышыванкі нічым не адрозніваецца ад іншых дзяржаўных гарадскіх урачыстасцяў – «славянскі базар» на сцэне і шашлыкі з півам перад ёю. Імпрэза арнаменту на афіцыйным узроўні праходзіць ужо трэці год.

«Менавіта гэтая вышымайка з беларускай дэлегацыі фэсту моладзі ў Сочы. Беларускі строй, сімволіка, якая адпавядае таксама і сённяшняму дню. Таму з вялікім задавальненнем сёння адзеў. А так і майкі ёсць, і нашая гарадская арганізацыя наносіць на майкі эмблемы», – кажа першы сакратар БРСМ Магілёўскай вобласці Павел Алекса.

Падхапіўшы трэнд у грамадстве, дзяржаўныя органы, кожны на свой капыл, раз на год маюць ганарыцца арнаментам. Перадавік у гэтым – кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Для дыпкорпусу прайшоў асобны фэст «У Беларусі як дома».

Франак Вячорка – арганізатар першага Дня вышымайкі, які праходзіў не дзякуючы, а насуперак пазіцыі ўладаў. Але і гэтак моладзь збірала некалькі тысяч наведнікаў.

«Мяне не пакідае ўражанне, што гэта ўсё робіцца з-пад палкі, што гэта не іх загад пашыраць Беларушчыну, а спушчаны зверху загад. А для ўладаў задача нейтралізаваць вышымайку як элемент барацьбы за нацыянальную ідэнтычнасць і пераўтварыць яго проста ў папсу», – кажа Франак Вячорка.

Затое пад гучныя лозунгі ўмацавання незалежнасці.

Калі не лічыць выступоўцаў, сярод некалькіх соцень наведнікаў фэсту я налічыў пяць чалавек у вышыванках. І таму пакуль ствараецца ўражанне, што дзяржаўнае Свята вышыванкі – больш пра традыцыйнае мінулае, чымся пра сучаснае заўтра, як тое закладалася незалежнай моладдзю тры гады таму.

Алесь Залеўскі belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары