Бразільскія мастакі ператварылі менскія вуліцы ў мастацкія галерэі


Найважнейшая культурніцкая падзея суботы – закрыццё фестывалю вулічнага мастацтва «Vulicа Brasil», у межах якога бразільскія мастакі разам з беларускімі творцамі рабілі муралы, скульптуры, графіці і мікра-стрыт-арты.

Фінальны акорд гэтага вулічнага свята прагучыць на Кастрычніцкай вуліцы, якая на гэтыя выходныя стала пешаходнай.

«Колеры робяць людзей шчаслівымі. Колеравыя вібрацыі, хвалі ўплываюць на наш настрой», – кажа суарганізатарка фестывалю Міла Котка.

Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел пяць мастакоў з Бразіліі і больш за дзесяць з Беларусі. Адметна, што кожны з іх працуе ў сваім стылі і на сваю тэматыку.

Матэрыял Марыі Арцыбашавай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 10 жніўня

Апытаныя «Белсатам» жыхары Менску распавялі, што ім падабаюцца ўпрыгожаныя гэткім чынам сталічныя дамы:

«Ярка, яскрава, прыгожа. Вельмі класны фестываль для Менску, я лічу».

«Такога ў Менску я яшчэ не бачыў. Тут вельмі прыгожа, мне вельмі падабаецца. Я закахаўся ў гэтую вуліцу!»

Падчас фестывалю можна было назіраць не толькі як паўстаюць арт-аб’екты, але і ўдзельнічаць у майстар-класах па арт-тэхніках, пабываць на прэзентацыі калекцыі адзення і эка-аксэсуараў, наведаць варкшоп па ўрбаністыцы. Сёння ж на Кастрычніцкай есць усё – танцы, тэатр, кіно, візуальныя мастацтвы, музыка, гастраномія, мода, кірмаш, спорт і лекцыі.

«Мы толькі што з хлапцамі стаялі і абмяркоўвалі, што гэта Менск нашай мары: футбол на самай галоўнай тусовачнай вуліцы Беларусі, па сутнасці, цудоўныя прыгожыя людзі ходзяць, ува ўсіх класны настрой, футбол пляжны – самае галоўнае. Беларусь маёй мары, скажам так», – кажа адзін з гасцей фэсту.

Упрыгожыць будынкі, зрабіць выходныя менчукоў і гасцей сталіцы незабыўнымі – гэта не адзіная мэта фестывалю. Яго задача яшчэ і ў тым, каб пакінуць пасля свята як мага менш экалагічных слядоў: напрыклад, рэкламныя банеры не выкінуць у сметніцу, а зробяць з іх торбы і гаманцы, новае жыццё чакае і выкарыстаныя балоны з-пад фарбы. Не застанецца смецця, пры гэтым надоўга застануцца яскравыя ўспаміны і творы вулічнага мастацтва.

Дзякуючы «Vulica Brasil» за чатыры гады ў Менску стварылі 38 арт-аб’ектаў, некалькі скульптураў і архітэктурных канструкцый, а разам з гэтым нашая сталіца пачала ператварацца ў рознакаляровую са сваім непаўторным характарам.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»