Браслаўцы пратэстуюць супраць рытуальнай залы


Замест дзяржаўнай крамы – рытуальная зала. Жыхары Браслава з такою заменаю не згодныя. Больш за сто браслаўцаў падпісаліся пад зваротам у райвыканкам з просьбаю не ладзіць пад вокнамі жыхароў пахавальных працэсіяў.

Будынак збанкрутаванага Браслаўскага райспажыўсаюзу выкупіла прадпрымальніца. У ейных планах – адкрыць рытуальную залу. Жыхары вуліцы Энгельса супраць, каб побач з іхнымі дамамі ладзіліся развітанні з памерлымі, бо ад вокнаў дому насупраць да ганку рытуальнай залы – 13 метраў.

«А гэта пакой маёй дачкі і від з яе вакна на рытуальную залю».

Браслаўцы разумеюць неабходнасць існавання рытуальнай залы, але мяркуюць, што месца мусіць быць выбранае далей ад жылых дамоў і пагатоў не на вуліцы Энгельса, бо дамы тут стаяць вельмі шчыльна, а шырыня дарогі – шэсць з паловаю метраў. А з другога боку амаль упрытык – дзіцячы садок.

«Бацькі таксама ўсе незадаволеныя, і ніхто не хоча бачыць па дарозе з садку і ў садок дамавіны і пахаванні», – кажа Святлана Паўлюкевіч, жыхарка вуліцы Энгельса.

«Гэта не толькі вялікі стрэс для дзяцей, але і для бацькоў, і для людзей, што жывуць побач», – незадаволеная Таццяна Петухова, жыхарка Браслава.

«Калі вядзеш дзіця ў садок, сустракаць па дарозе якоесьці шэсце рытуальнае непрыемна. Я лічу, тут месца рытуальнай залы не павінна быць».

У сваім звароце ў райвыканкам жыхары Браслава звярталі ўвагу на адсутнасць дзіцячых пляцовак на вуліцы Энгельса. А калі пачне працаваць рытуальная зала, то побач з ёю прадпрымальнік плануе зладзіць стаянку для машынаў, што яшчэ больш звузіць вуліцу.

Таццяна Петухова, жыхарка Браслава:

«Мы б хацелі, каб на гэтым месцы гарадскія ўлады або хтосьці іншы выкупіў і адкрыў бы для дзяцей цэнтр, у які можна было б зайсці, пагуляць, каб бацькі маглі адпачыць і дзеці».

Калі для турыстаў гэта можа быць хвіліннае сутыкненне з пахавальнаю працэсіяй, то сям’я Алега Вайцюховіча будзе мець з такімі працэсіямі частае ды шчыльнае сутыкненне: паміж ягоным дваром і рытуальнаю залаю – два метры:

«Дзіцячы садок атрымліваецца, людзі тут жывуць. А хадзіць тут з пахавальнымі працэсіямі таксама не вельмі добра. Але гэта мая думка. А што будзе ў думках гаспадароў, мне невядома. Але яны не сцвярджаюць, што гэта будзе».

Прадпрымальніца Алеся Пуйша ўпэўненая, што ейныя паслугі не пашкодзяць ні месцічам, ні наведнікам дзіцячага садку, што з тыльнага боку залы:

«У мяне ўзяты крэдыт канкрэтна пад гэты будынак, канкрэтна пад рытуальную залу. Будынак аформлены, забараніць райвыканкам мне не можа займацца гэтай дзейнасцю, так? Я не бачу прычын закрываць. А ёсць людзі, якія згодныя, якія задаволеныя. Людзі да гэтай пары тэлефануюць, пытаюцца, калі вы адкрыецеся. Таму з-за кагосьці закрывацца, я думаю, не варта».

На свой зварот больш за 100 жыхароў вуліцы Энгельса атрымалі адказ з Браслаўскага райвыканкаму:

«…будынак на Энгельса 15 – нежылы. Парадак эксплуатацыі гэтага будынку вызначаецца ўласнікам самастойна».

Алёна Шабуня, Зміцер Лупач belsat.eu