БПЦ прызнала Аўтакефальную праваслаўную царкву Украіны «раскольнікамі»


Непрызнанне і забарона ўдзелу ў святых таінствах Украінскай праваслаўнай царквы для беларускіх праваслаўных. З гэтымі і шэрагам іншых гучных заяваў выступіла Менская епархія праваслаўнай царквы, незадаволеная разрывам Украіны з Маскоўскім патрыярхатам. Як сітуацыя паўплывае на дачыненні цэркваў Украіны і Беларусі. І ці варта было чакаць іншага рашэння ад Менскай епархіі?

«Раскольніцтва» і замах Канстанцінопальскага патрыярхату на кананічную тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы. Гэтак Сход Менскай епархіі выказаўся пра ўтварэнне незалежнай ад Масквы праваслаўнай царквы ва Украіне:

«Прызнаць раскольніцкаю супольнасцю так званую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву Украіны на чале з так званым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Епіфаніем».

Напярэдадні Беларуская праваслаўная царква заявіла і пра разрыў еўхарыстычных дачыненняў з Канстанцінопалем. Прычына – зноў жа, пацверджанне Канстанцінопальскага патрыярхату свайго намеру прадставіць Украіне аўтакефалію з дзвюма цэрквамі – Украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве.

Гэтак, новым старшынём паводле вынікаў Аб’яднанага сабору ў Кіеве 15-га снежня абралі мітрапаліта Епіфанія, што канчаткова замацавала незалежнасць Украіны ад Расейскай царквы.

«Пра аўтакефалію нічога зусім няма ў канонах, таму гэта прэцэдэнтнае права прыцяняецца, і тут кожны па-свойму трактуе, і таму ў кожнага ёсць свая праўда, я думаю», – кажа Аляксандр Шрамко, святар Беларускай праваслаўнай царквы.

Гэтаксама сход Менскай епархіі пастанавіў даводзіць прыхаджанам, што ўдзельнічаць у святых таінствах абʼяднанай Украінскай праваслаўнай царквы цяпер нельга. Што праўда, за выняткам цэркваў, што засталіся пад кіраўніцтвам маскоўскага мітрапаліта. Жыхары Менску каментуюць:

«Што значыць забараніць вернікам? Гэта ж нельга так рабіць».

«Навошта забараняць? Не трэба. Няхай ходзяць хто куды хоча».

«Ну як? У нас жа праваслаўе адно. А што яны там вытвараюць? Гэта незразумела».

Тое, што гэткае рашэнне перадусім палітычнае, мяркуе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, бо БПЦ залежыць ад Маскоўскага патрыярхату:

«Мітрапаліт Павел усё ж такі прызначэнец і стаўленік Масквы, і я думаю, што таксама рэзкасць гэтай заявы звязана менавіта з ягонай асабістай пазіцыяй, бо ён менавіта сюды і пастаўлены для таго, каб сачыць за такім збліжэннем пазіцыі БПЦ і Маскоўскага патрыярхату».

Як адзначае рэлігіязнаўца Інстытуту філасофіі НАН Украіны Людміла Філіповіч, БПЦ і раней ставілася да Кіеўскага патрыярхату і аўтакефальнай праваслаўнай царквы як да раскольнікаў:

«Нічога новага ў гэтым мы не пачулі, бо і раней БПЦ ніяк не стасавалася з царквой Кіеўскага патрыярхату і Аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Прысутнасць у гэтай Абʼяднанай царкве епіскапаў ад Маскоўскай патрыярхіі, з якой яны будуць працягваць стасавацца, складае ажно два чалавекі».

Напярэдадні Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, што абавязвае праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату змяніць назву.

Юлія Лабанава, belsat.eu