Аб'ектыў 30.05.2019 Большасці ахвяраў было ад 14 да 20 гадоў. Блізкія загінулых пра трагедыю на Нямізе


Адна з самых маштабных трагедыяў у гісторыі сучаснай Беларусі – цісканіна ў падземным пераходзе на менскай Нямізе. Сёння з моманту няшчасця спаўняецца два дзесяцігоддзі. Але ў тых, хто згубіў родных і дзяцей, боль страты не сціхае.

20 гадоў трагедыі на Нямізе. Яе вынік – 53 загінулыя і сотні параненых. Большасць ахвяраў – маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў. Ніна Інькова тады страціла 15-гадовую дачку.

«Калі я прачнуся а трэцяй гадзіне – у мяне перад вачыма Машачка: думаю, Божа, лепш бы я была там з ёй. Дваццаць гадоў мінула, а такое ўражанне, што гэта было ўчора. Кажуць, што боль прытупляецца – боль не прытупляецца, і час не лечыць. Я вось прыходжу і пачынаю з ёй размаўляць, распавядаць усе навіны, пра ўсё. А людзі ідуць і думаюць, пэўна, што звар’яцелая», – кажа маці загінулай Машы, Ніна Інькова.

Сёння ў Менску адбылася акцыя памяці ахвяраў адной з самых страшных трагедыяў у гісторыі незалежнай Беларусі.

Жалобная працэсія ад менскага Свята-Духава Кафедральнага сабору накіроўваецца да месца трагедыі, да падземнага пераходу на станцыі метро «Няміга». Да мемарыялу родныя, сябры загінулых і простыя грамадзяне нясуць свечкі ды кветкі. Памінальныя акцыі на Нямізе адбываюцца штогод 30 траўня.

20 гадоў таму, 30 траўня, недалёка ад Нямігі ладзілася свята піва. Гэтым напоем наведнікаў імпрэзы частавалі бясплатна. Раптам пачалася навальніца, натоўп кінуўся ў падземны пераход, узнікла цісканіна. 13-гадовая Алена Філіпава стала выпадковай ахвяраю – яна ішла з сяброўкамі ў тэатр, кажа маці дзяўчынкі.

«Жывем з гэтым болем: дваццаць гадоў прайшло – ні хвіліны пакою. Дзе ні іду – у вачах стаіць: думаю, Ленка, якая б ты была? Ты б ужо чалавекам дарослым стала, дзеткі б, напэўна, твае былі, бегалі… Нічога няма…», – дзеліцца жалем маці загінулай Алены Аляксандра Філіпава.

У выніку трагедыі завялі крымінальную справу ў дачыненні начальніка грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму і начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў. Аднак праз тры гады абвінавачанне перакваліфікавалі і справу спынілі ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны. Некалькі пацярпелых сем’яў падавалі супраць гарадскіх уладаў і арганізатараў канцэрту пазовы ў суд. Ім дапамагаў праваабаронца Алег Волчак.

«30 траўня павіннае быць днём жалобы і быць днём прафілактыкі: мусяць быць паказаныя тэлепраграмы, дакументальныя, мастацкія фільмы, каб нагадваць і навучаць. А ў будучыні неабходна вярнуцца да пазоваў: бо яны не былі разгледжаныя законна. Суд не даў нам разгледзець прычынаў трагедыі, а гэта было галоўнае», – кажа юрыст арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Бацькі загінулай моладзі аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю «Няміга-99» дзеля таго, каб падтрымліваць адно аднаго, бо кажуць, што падтрыманне ад дзяржавы было нязначнае і нядоўгае.

«Як мне цябе не хапае. Я кожны дзень кладуся, падымаюся і прашу: хоць бы ты прысніўся мне, хоць бы што сказаў, сыночак мой. Хварэю. Дачка ў мяне вельмі сурʼёзна хварэе. Як сказалі дактары, на нервовай глебе ўсё здарылася. Калі мы хавалі Гену, то яна кожныя пяць хвілінаў траціла прытомнасць. І цяпер – яна ўжо дзесяць аперацыяў вытрымала на галаве», – кажа маці загінулага Генадзя Святлана Рабаконь.

Пасля трагедыі ў падземным пераходзе метро «Няміга» неабыякавыя грамадзяне стварылі стыхійны мемарыял з партрэтаў, вершаў, кветак і знічоў. Праз пэўны час яго прыбралі, а побач з пераходам усталявалі мемарыял. Кожная ружа сімвалізуе адно страчанае жыццё.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары