Больш за мільён інфікаваных у свеце


Лічба інфікаваных каронавірусам за ўвесь час пандэміі перавысіла мільён чалавек, і не стаіць на месцы. Тэмпы распаўсюджвання ўсё тыя ж: кожны тыдзень колькасць заражаных падвойваецца. Галоўны санітарны лекар Аўстраліі лічыць, што рэальная карціна па свеце можа быць у 10 разоў горшая, проста большасць нават не ведае пра свой дыягназ. Раней такую тэорыю высоўвалі і іншыя навукоўцы і медыцынскія чыноўнікі.

250 тысячаў, або чвэрць выпадкаў заражэння каронавірусам па ўсім свеце прыпадае цяпер на Злучаныя Штаты. Толькі ў Нью-Ёрку інфікаваных больш, чым афіцыйная лічба ўсіх хворых на «Ковід-19» за ўвесь час пандэміі ў Кітаі. Дапамогу прапанавалі адразу некалькі штатаў: Каларада, Тэнэсі ды Арканзас, даслаўшы больш за 200 машынаў хуткай дапамогі разам з медычнымі брыгадамі.

«Я размаўляў сёння з нашымі хлопцамі з экстраных службаў. І яны мне казалі, наколькі важнае гэтае падмацаванне для іх. Бо за апошнія некалькі тыдняў яны прайшлі праз пекла. Неверагодна, што гэта значыць таксама для ўсіх мясцовых людзей, колькі жыццяў будуць выратаваныя дзякуючы гэтай дапамозе», – кажа Біл дэ Блэзьёў, мэр Нью-Ёрку.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп папярэджвае: пік захворванняў – наперадзе. Амерыканцаў просяць абмежаваць актыўнасць і выконваць усе іншыя рэкамендацыі ўладаў на наступныя 30 дзён. Абмежавальныя захады ўжо прывялі да страты працы шасці з паловаю мільёнаў жыхароў ЗША. Да параўнання, эканамічны крызіс 2009 года пазбавіў заробку ў 10 разоў меншую колькасць амерыканцаў. Каб ратаваць сітуацыю, Кангрэс вылучыў 2 трыльёны долараў дапамогі. З сённяшняга дня ўласнікі малога бізнесу могуць звяртацца па беззваротнае дзяржаўнае фінансавае падтрыманне.

«Вы атрымаеце грошы, вы атрымаеце іх у гэты самы дзень. Заплаціце сваім рабочым. Калі вы іх звольнілі, прыміце іх зноў на працу. Грошай хопіць на выплату заробку за 8 тыдняў, плюс на накладныя выдаткі», – упэўнены Стыў Мнушын.

Дапамагае грамадзянам перажыць цяжкія часы і ўрад Італіі, дзе з пачатку пандэміі выявілі больш за 115 тысяч інфікаваных, а 14 тысячаў памерлі ў выніку хваробы. Муніцыпальныя ўлады арганізоўваюць гарачыя лініі, куды можна звяртацца па грашовую дапамогу. А валанцёры раздаюць пацярпелым харчовыя чэкі.

«Сітуацыя з пандэміяй вельмі моцна адабʼецца і на маладых людзях, якія не мелі сталай працы і якія засталіся беспрацоўнымі», – кажа Марта Налін з дэпартаменту сацыяльнай дапамогі Падуі, Італіі.

У Парыжы, дзе абмежаванні былі ўведзеныя яшчэ раней, паліцыя з дапамогаю дронаў правярае вуліцы гораду. Штрафы за парушэнне каранціннага рэжыму атрымалі ўжо больш за 4000 асобаў ва ўсёй Францыі.

У Партугаліі, дзе больш за 9 тысячаў інфікаваных каронавірусам, на два тыдні працягнулі абвешчанае раней надзвычайнае становішча.

«Я толькі што працягнуў сітуацыю надзвычайнага становішча да 17 красавіка. Гэта будзе нашаю самаю вялікаю праблемай за апошнія 45 гадоў. Эканамічныя і сацыяльныя наступствы будуць глыбейшымі ды даўжэйшымі, чым самыя працяглыя крызісы, якія мы ўжо перажывалі. Яны павялічаць беднасць самых бедных, няроўнасць паміж няроўнымі», – распавёў Марсэлу Рэбэлу, прэзідэнт Партугаліі.

Краіны постсавецкае прасторы пакуль не ў эпіцэнтры пандэміі. Але ў Латвіі ды Кыргызстане сёння зафіксавалі першыя смерці ад каронавіруса. А ў Расеі толькі цягам учорашняга дня колькасць інфікаваных вырасла адразу на 20 адсоткаў, да больш як чатырох тысячаў.

Агулам на другую гадзіну дня пятніцы па ўсім свеце лічба інфікаваных сягнула мільёна ды трыццаці трох тысяч асобаў. З іх 220 тысячаў ужо вылекаваліся, а 54 з паловаю тысячы страцілі жыццё ў змаганні з хваробаю.

Ігар Кулей, «Белсат»