Больш за 10 тысяч подпісаў сабрала петыцыя аб доўгіх навагодніх канікулах


Беларусы хочуць больш адпачываць у Новы год. Больш за 10 тысяч подпісаў сабралі ў інтэрнэце пад петыцыяй, у якой патрабуюць зрабіць 31 снежня, а таксама 2 студзеня выходнымі.

Жыхарка Менску Алена Клімёнава кажа, што падпісала петыцыю, бо не бачыць сэнсу працаваць у навагодні перыяд:

«Я падпісала гэтую петыцыю, бо ў прынцыпе 31 снежня ўжо ніхто не працуе на працоўных месцах. Усе занятыя сваймі думкамі аб правядзенні свята».

Уладзімір Кавалкін, заснавальнік праекту petitions.by, на якім і з’явілася петыцыя, думае, што яна мае ўсе шанцы на поспех:

«Гэта той выпадак, калі вада камень точыць. У мінулым годзе была падобная петыцыя, яна не была паспяховай. На яе прыйшоў дастаткова фармальны адказ. Але калі ў гэтым годзе будзе петыцыя з вялікай колькасцю подпісаў, ёсць вялікі шанец, што прыслухаюцца і ў наступным годзе нешта памяняюць».

Наколькі актуальная для менчукоў патрэба ў дадатковых выходных у Новы год?

«Можна больш адпачыць, да сваякоў з’ездзіць. Усіх адведаць, усіх павіншаваць».

«Падтрымліваю! Абед ёсць абед».

«Больш выходных – нам свята».

«Вядома, хацелі. Усе любяць адпачываць. Тым больш у Новы год».

«Так, безумоўна, хацелі б. Чаму б і не? Расея адпачывае, а мы чым горшыя?» – гавораць жыхары Менску.

Сапраўды, у Расеі пасля Новага года 10 дзён вольных. Украінцы сёлета будуць адпачываць з 29 снежня да 2 студзеня. А вось, напрыклад, літоўцы ды палякі маюць толькі адзін выходны – 1 студзеня.

Падпісаць петыцыю можна на сайце petitions.by. Потым стваральнікі абяцаюць скіраваць яе ў Адміністрацыю прэзідэнта ды Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum