Больш грошай! Лукашэнка ўзяўся за развіццё хакею


Міністр сельскае гаспадаркі, губернатар Гарадзенскае, а пазней і Менскае вобласці, доктар эканамічных навук, прафесар Сямён Шапіра рабіў тыповую для высокага беларускага чыноўніка кар’еру. Кіраўнік краіны кідаў функцыянера з аднаго фронту на іншы, пакуль веды і напор ужо былога губернатара не спатрэбіліся ў гэтак званым «нацыянальным відзе спорту» – хакеі.

Насуперак загадам Лукашэнкі

Прызначэнне Шапіры кіраўніком Федэрацыі хакею Беларусі ідзе ў разрэз з рэкамендацыяй Аляксандра Лукашэнкі выбіраць на гэткія пасады былых спартоўцаў. Але ўзначальваюць айчынны хакей чамусьці менавіта чыноўнікі. То міністр МУС, то кіраўнік Памежнага камітэту, то начальнік службы бяспекі Лукашэнкі.

Кадравая карусель становіцца аб’ектам народных жартаў

«У Шапіра крутая карʼера, хутка будзе брамкаром зборнай або прэмʼерам».


«- Зоймешся хакеем. Узначаліш федэрацыю. Больш не ведаю, каго паставіць туды.

– Слушаюсь, Аляксандр Грыгорʼевіч! Але як жа вобласць?

– Потым вобласць, пакуль не да яе. Перамогі патрэбныя…».


– кпяць інтэрнаўты.

Лукашэнка + хакей = любоў на ўсё жыццё

Ён часта выходзіць на лёд у кашулі пад першым нумарам і, вядома, нязменна перамагае любых супернікаў. А таму і грошай падаткаплатнікаў на гульню не для баязліўцаў не шкадуюць. Паводле прызнання кіраўніка дзяржавы, гэта пятая частка ўсяго бюджэту на спорт і фізкультуру.

«Гэта не наш від спорту. Для развіцця хакея ў Беларусі патрэбныя перш за ўсё кадры, а ў нас спецаў няма. І тут аніякія грошы не дапамогуць, колькі не кідай», – зазначыў спартовы аглядальнік Алесь Пуціла.

Беларусь будзе ўпарта ісці ў кірунку светлае хакейнае будучыні

Па выніках сённяшняй нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы пастанавілі распрацаваць праграму развіцця хакею на наступныя 4 гады. Лукашэнка загадаў вырашыць нарэшце пытанне з экіпіроўкаю для дзіцячых і юнацкіх камандаў, а таксама стварыць неабходныя ўмовы для хакею ў рэгіёнах, у тым ліку павысіць заробкі трэнераў. То бок укласці яшчэ больш грошай у гэты спорт. Адступаць жа няма куды. У 2021 годзе Беларусь разам з Латвіяй прыме хакейны чэмпіянат свету.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Alexey Nikolskiy / ITAR-TASS / Forum