Больш чым у 2 разы ўзраслі страты айчыннай прамысловасці


Нацыянальны статыстычны камітэт падвёў рысу пад вынікамі леташняе працы прадпрыемстваў. Нягледзячы на рост аб’ёму вырабленай прадукцыі, страты растуць. Здавалася б, станкоў не спынялі і тавараў вырабілі больш. Чаму ж тады растуць не прыбыткі, а чыстыя страты айчыннай прамысловасці?

Летась – перавысілі BR 3 млрд. рублёў. Тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін:

«Па-першае, гэта праз спісанне адкладзеных дэвальвацыйных стратаў за кошт курсавых розніц. Па-другое, стрыманне інфляцыі пацягнула за сабою для прамысловасці немагчымасць павялічваць выручку за кошт росту цэн».

У такую пастку сярод іншых трапілі нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Нафту яны набываюць у Расеі за долары, а вырабленае паліва прадаюць за рублі.

Страты прынесла:

– падзенне рубля ў пары з доларам,

– рэкордны рост кошту на нафту,

– продаж паліва па заніжаным кошце.

У дадатак большасць прадпрыемстваў сплачваюць адсоткі па крэдытах, узятых на пагашэнне стратаў мінулых гадоў. На 52 арганізацыі вырас спіс тых (з 307 да 359), каму не ўдаецца «выйсці на нуль». Сярод іх – выпадковыя, крызісныя і банкруты.

«І ў харчовай прамысловасці, і ў машынабудаванні, і ў лёгкай прамысловасці ёсць такія прадпрыемствы, якія на сённяшні дзень фактычна з’яўляюцца банкрутамі і выцягнуць іх з гэтага стану вельмі праблемна», – гаворыць Леанід Фрыдкін.

Слабы тэхналагічны стан, састарэлая база, дрэннае карпаратыўнае кіраванне і маркетынг, лішні персанал… Вытворчасці з такімі сімптомамі крэдытамі не ўратаваць, мадэрнізаваць – дорага, а зачыніць – шкада.

Камбікормавы завод у Глыбокім спісу стратных не пакідае доўгі час. Жыхары Глыбокага мяркуюць:

«Мне здаецца што варта падтрымліваць. Бо куды людзей падзець?»

«Кансервавы завод быў, закрылі. Дрэнна. Былі працоўныя месцы ў людзей. А цяпер што?»

«Цяжка працу знайсці, працу з годнаю аплатаю працы».

Дрэваапрацоўка, нафтаперапрацоўка і вытворчасць цэменту сталіся летась найбуйнейшымі генератарамі стратаў у эканоміцы. Сёлета некаторыя буйныя прадпрыемствы не могуць дазволіць сабе далейшае падзенне прыбыткаў, кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«Задача ўлады – правядзенне рынкавых рэформаў дзеля таго, каб зменшыць нагрузку на бюджэт па субсідаванні стратных прадпрыемстваў і падрыхтавацца да таго спаду дзелавой актыўнасці ў свеце, якая чакаецца цягам 1-2 гадоў».

На эканоміку краіны ўплываюць змены ў эканоміцы свету, гандлі ў межах Саюзнай дзяржавы і ЕўрАзЭС, але першымі ў шэрагу застаюцца ўнутрыдзяржаўныя, састарэлыя правілы гульні.

Юлія Цяльпук, belsat.eu