Аб'ектыў 12.11.2019 БНТУ галасуе датэрмінова: 113 студэнтаў за 4 гадзіны, усіх выбарнікаў – 1360


На выбарах у Палату прадстаўнікоў пачалося датэрміновае галасаванне. Афіцыйна выбраць свайго кандыдата цяпер могуць тыя, хто не мае магчымасцяў у асноўны дзень галасавання. На справе вялікая частка галасуе датэрмінова ў дабраахвотна-прымусовым парадку.

Сёння – першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Сярод першых волевыяўленцаў – студэнты Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.

«Я прыйшла зрабіць свой выбар у першы дзень галасавання, бо мне не ўсё роўна, і, прааналізаваўшы ўсіх кандыдатаў, зрабіла свой усвядомлены выбар», – кажа студэнтка БНТУ Дар’я Арэшка.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Назіральнік у адным з інтэрнатаў БНТУ Ігар Хмыль кажа пра надзвычайную актыўнасць студэнтаў:

«За чатыры гадзіны прыйшлі 113 студэнтаў, усіх выбарнікаў – 1360; гэта 8-8,5 %. Дзіўна».

У тэлеграм-канале пра выбары знаходзім тлумачэнне гэтай актыўнасці: за галасаванне вызваляць ад заняткаў у суботу і панядзелак. Старшыня выбарчай камісіі аднаго з участкаў у БНТУ Дзмітрый Русакевіч прымус у датэрміновым галасаванні адпрэчвае:

«Ходзіць меркаванне, што іх змушаюць: хочаш ці не хочаш, мы цябе пакараем, калі не пойдзеш галасаваць. Калі шчыра, я такога ў нашай ВНУ не сустракаў і не бачыў».

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына думае, што датэрміновае галасаванне сёлета будзе найбольш актыўным, бо субота на гэтым тыдні працоўная, і выбарнікі захочуць вызваліць адзіны выходны.

Праваабаронцы ж нагадваюць, што менавіта падчас датэрміновага галасавання адбываецца львіная доля фальсіфікацыяў.

«У нас ёсць падставы меркаваць, што падчас датэрміновага галасавання могуць праводзіцца рознага кшталту маніпуляцыі з выбарчымі бюлетэнямі. І гэта будзе мець негатыўныя наступствы фальсіфікацыі вынікаў галасавання», – падкрэслівае эксперт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Пытанне пра сумленнасць выбараў актуальнае не толькі ў сталіцы. Яно сярод іншых гучала падчас дэбатаў, якія напярэдадні зладзілі кандыдаты ў Магілёве. Сярод нязручных пытанняў: смяротнае пакаранне, стаўленне да Камуністычнай партыі ці выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў выбарчай кампаніі.

«Мяне цікавіць пытанне экалогіі найперш, бо яна адбіваецца абсалютна на ўсім, асабліва на дзецях».

«Чакала, што будзе нашмат больш людзей, якія прыйдуць і паўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве».

«Паглядзець, чым дыхаюць гэтыя кандыдаты, асабліва кандыдаты ад улады», – дзеляцца жыхары Магілёва.

Кандыдаты ад улады не адразу пагадзіліся на дэбаты ў прысутнасці журналістаў:

«Я не апранутая як трэба, я прыйшла кантактаваць з людзьмі, а не з камерай», – кажа адна з кандыдатак.

Менавіта яе, Людмілу Здорыкаву, паводле крыніцаў mspring.online, улады прызнаюць адною з пераможцаў у выбарах. Інтэрнэт-часопіс сцвярджае, што вынікі даўно распланаваныя з амаль стоадсоткаваю дакладнасцю. Іншыя ўдзельнікі дэбатаў не падтрымліваюць датэрміновага волевыяўлення.

«Канечне адмоўна стаўлюся, бо я разумею, якія сродкі затрачваюцца на датэрміновае галасаванне», – гаворыць кандыдатка Таццяна Сівачэнка.

«Я кепска стаўлюся да датэрміновага галасавання, бо могуць фальсіфікаваць выбары», – дадае кандыдат Аляксандр Ірхо.

Каб зменшыць колькасць фальсіфікацыяў, праваабаронцы раяць фіксаваць выпадкі ціску, а галасаваць – у дзень выбараў.

«Не, навошта. Нам выдавалі адмысловыя запрашэнні на галасаванне. Вось і пайду, калі мяне запрасілі», – адказвае адзін са студэнтаў БНТУ на пытанне пра датэрміновае галасаванне.

Ні адны беларускія выбары пасля 1994 года не былі прызнаныя заходнімі назіральнікамі адкрытымі і справядлівымі, у тым ліку праз працэдуру датэрміновага галасавання.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары