Аб'ектыў 18.09.2018 Блогеры: як прымусіць чыноўнікаў працаваць паводле закону?


Чым мог скончыцца пазоў звычайнага блогера да цэлага райвыканкаму? Безумоўна, паразаю. Мазырскі суд адмовіў Андрэю Павуку ў задавальненні скаргі на чыноўнікаў, якія не хацелі дзяліцца неабходнай яму інфармацыяй. Як ставіцца да такіх рашэнняў уладаў, і ці можна прымусіць чыноўнікаў працаваць паводле закону?

Андрэй Павук – блогер і грамадскі актывіст, які ўжо шмат гадоў трымае ў тонусе ўлады Акцябрскага раёну, што на Гомельшчыне. Здымае відэа пра свой пасёлак, спрачаецца з чыноўнікамі і зазнае ціск у адказ:

«Я зараз у пракуратуру звярнуся, куды трэба, і вы адправіцеся таксама туды, куды трэба».

Аднак гэтым разам ціск адчулі самыя чыноўнікі. Блогер абурыўся тым, што яму не дазволілі прысутнічаць на адкрытых паседжаннях райвыканкаму. Дайшло нават да суду, які не задаволіў скаргу Павука. Андрэй Павук, блогер, аўтар «Рудабельскай паказухі»:

«Прадказальна. Улада баіцца сваёй дзейнасці, баіцца агалоскі. Шкада, канечне, але будзем змагацца».

Паводле мазырскага суддзі, усё, што блогер мае ведаць, ёсць на старонках мясцовай раённай газеты. Гэтую ж справу раней разглядаў суддзя Акцябрскага раёну Уладзімір Васілеўскі, але ў перапынку, яшчэ да моманту правядзення спрэчак бакоў, на стале пракурора знайшлі ўжо гатовы тэкст рашэння. Выклалі ў інтэрнэт – і замест вердыкту суддзя ўзяў самаадвод.

Менавіта агалоскі і баяцца сённяшнія ўлады, адзначае калега Андрэя Павука, «народны рэпарцёр Берасця» Сяргей Пятрухін. Нядаўна ў ягонай кватэры зладзілі ператрус, а потым прымусова адвезлі на псіхіятрычную экспертызу. Усё ў межах «сур’ёзнай» справы – за паклёп і абразу ўчастковага! А насамрэч?

«Я думаю, гэта ўсё праз тое, што я асвятляю падзеі вакол злашчаснага заводу «iPower», які будуецца з велізарнымі парушэннямі. Хлусіць намеснік міністра, столькі ашуканства, бруду, падману. І яго хочуць пабудаваць, нягледзячы на тое, што ставяць пад пагрозу экалагічную бяспеку ўсяго рэгіёну і здароўе людзей» – распавядае Сяргей Пятрухін, блогер, «Народный Репортёр».

А на памяць пра ўварванне ўладаў ва ўласнае жыццё Пятрухін ператварыў выбітыя АМАПам дзверы ў арт-абʼект, які хоць і часова, але ўвечніў прозвішчы ды здымкі тых, хто спрычыніўся да «штурму». Кропку ж у адвечным пытанні спрэчак паміж блогерамі і ўладамі ставяць жыхары сталіцы:

«Я думаю, што інтэрнэт-блогеры вельмі ўплываюць на грамадства, бо яны вельмі блізкія да людзей».

«Каб ведаць вартую даверу інфармацыю, трэба глядзець на розныя сродкі. Параўноўваць і выбіраць, што бліжэй».

«Я больш гляджу афіцыйныя, дзяржаўныя».

«Вядома ж, інтэрнэт-блогерам. Якія афіцыйныя сродкі? Гэта смешна».

Тым часам здымкі на дзвярах кватэры Пятрухіна не пратрымаліся і дня, пад вечар іх знялі невядомыя.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фота: / FORUM

Глядзі таксама
Каментары