Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе»


Чыноўнікі раённага цэнтру Акцябрскі, што ў Гомельскай вобласці, прыклад з цэнтральнай улады браць ня хочуць. У адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, партрэт якога вісіць у кожным упраўленні, кожным выканкаме, кожнай школе, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкаму Уладзімір Елісееў і кіраўніца справамі Валянціна Шлапакова народнай увагі нібыта саромеюцца.

«Калі вы не адыдзеце, я выклічу міліцыю..», – пагражае блогеру Валянціна Шлапакова.

Прычына такіх паводзінаў чыноўніцы – народная любоў у асобе мясцовага настаўніка і блогера Андрэя Павука. Мужчына дэманстратыўна надзявае тышортку з выяваю Шлапаковай і Елісеева ды надпісам «Яны любяць цябе».

«Люблю Радзіму, люблю Акцябрскі, люблю ўладу. Вось, чаму я не магу імі ганарыцца?», – кажа блогер Андрэй Павук.

Толькі вось любоў гэтая не ўзаемная. Больш за тое, мясцовы аддзел міліцыі распачаў супраць Павука адміністратыўны працэс па заяве Уладзіміра Елісеева. Чыноўнік сцвярджае, што блогер абразіў ягоны гонар і зганьбіў пачуцці сям’і. Андрэй Павук упэўнена кажа, што злога ні ў думках, ні ў намерах ня меў.

«Калі ты публічная асоба, то мусіш несці свой твар з гонарам па жыцці. Яны ж твар нашага раёну», – мяркуе блогер.

Развязаць спрэчку мы пастанавілі, запытаўшы мясцовых жыхароў: ці абразліва насіць выявы чыноўнікаў на адзенні?

Жыхары Акцябрскага:

«А можа, трэба, каб ведалі, хто наш прэзідэнт… І раней так было, партрэты Сталіна віселі, і кіраўніцтва ЦК».

«Ну канешне трэба, каб ведаць іх, якую пасаду займае, хто ён. Канешне гэта добра».

«Сталін ведаў хто ён, і не саромеўся, што ягоны партрэт паўсюль вісіць».

Але Беларусь – краіна любові адказнай і заканадаўча ўпарадкаванай. Любіць абы-каго, бязладна, пагатоў у публічных месцах – нельга. І каму як не Андрэю Павуку пра гэта ведаць. Летась блогер публічна, на цэнтральнай плошчы Акцябрскага і Гомля, прызнаваўся ў каханні сваёй жонцы – Вользе. Перад гэтым ён прадбачліва звярнуўся ў аддзел ідэалогіі мясцовага райвыканкаму па атрыманне дазволу і атрымаў яго. А таму, можа, і ў гэтай гісторыі рэч зусім не ў сарамлівых чыноўніках, а ў адсутнасці пісьмовага дазволу на любоў?

Ігар Кулей, «Белсат»