Блогер NEXTA заклікаў беларусаў спаткацца на плошчы Свабоды


Паўтара мільёна карыстальнікаў YouTube паглядзелі стужку блогера NEXTA «Лукашенко. Уголовные материалы».

«Абранне прэзідэнтам калгаснага крыкуна не павіннае было прывесці краіну да катастрофы. Крыкун пачаў перакройваць законы і рэальнасць пад сябе» (фільм «Лукашенко. Уголовные материалы»).

Сотні тысяч беларусаў пачулі абвінавачанні на адрас Лукашэнкі ў парушэннях закону – ад змены Канстытуцыі да загадаў распраўляцца са сваймі апанентамі.

«У мяне ў жылах кроў пачынае кіпець, калі б міністры, Мальцаў былі побач, я б іх дакладна прыстрэліў уласнаручна» (фільм «Лукашенко. Уголовные материалы»).

Пад фільмам – дзясяткі тысяч каментароў, гледачы пытаюцца: калі паказанае праўда, то што рабіць далей?

«Просьба да Сцяпана Нехты: калі ідзеш наперадзе ўсіх, калі сказаў А, скажы і Б. Адказнасць на сябе трэба браць: паколькі пачынаеце падымаць праблемы – давайце рашэнні», – прапануе блогер Mozgon.

Знайсці рашэнні онлайн не атрымалася, таму NEXTA ды іншыя беларускія блогеры прапанавалі сваёй шматтысячнай арміі падпісантаў сустрэцца афлайн. І не абы-дзе, а на плошчы Свабоды.

«Я не думаю, што шмат беларусаў падтрымае такі фармат. Я не лічу гэта сумленным. Прыедзь у Менск, выйдзі разам з намі на Плошчу, наперадзе калоны, ззаду, пасярэдзіне – дзе табе будзе больш падабацца, і тады ты маеш маральнае права на любыя заклікі, любую крытыку», – сцвярджае журналістка Святлана Калінкіна, галоўная рэдактарка сайту «Беларускі партызан».

А што самі беларусы, ці гатовыя выйсці на плошчу на заклік, гэтым разам не апазіцыйных палітыкаў, а новых лідараў грамадскай думкі – блогераў?

«Хацелася б паўдзельнічаць, хацелася б пабыць, бо бачна, што людзі хочуць нейкіх адказаў, і мне здаецца, што было б правільным рашэннем выйсці на вуліцу і патрабаваць гэтых адказаў».

«Людзі не проста не хочуць туды пайсці, людзі напалоханыя і баяцца наступстваў».

«Я хачу як мага хутчэй пакінуць краіну, памяняць месца жыхарства і ўсё».

«Калі разгоняць, то правільна зробяць, і яшчэ добра дубінкаю б даць і закрыць у міліцыю».

Гэтак зрабілі ўлады на Плошчы ў 2010 годзе. Тады гучалі такія заклікі: «Сыходзь!»

Але NEXTA сцвярджае, што ў пятніцу рэвалюцыі не будзе! Акцыя 8 лістапада плануецца непалітычная, у межах закону, бо адбудзецца падчас дазволенага перадвыбарчага пікету кандыдатаў на дэпутацтва:

«Будзе нешта накшталт банку ідэяў, дзе кожны зможа прапанаваць нешта сваё, развязанне праблемаў, таксама я буду на акцыі, магчыма не фізічна, нейкім чынам буду».

Наўрад ці не віртуальнага NEXTA будуць радыя пабачыць улады Беларусі.

«Калі я прыеду ў Беларусь, мне свеціць як мінімум 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пачынаючы ад абразаў Лукашенкі да экстрэмізму», – кажа блогер NEXTA.

Блогер чакае, што на акцыю прыйдзе нават менш за адзін адсотак тых, што праглядзелі фільм. Эксперты пацвярджаюць, што тое, што гудзе ў інтэрнэце – часта там і застаецца, сеціва не пакідае.

«Для таго, каб з’явіўся пратэст, неабходна, каб у грамадстве зʼявілася нейкая надзея. У сваю чаргу падчас Перабудовы Гарбачоў даў надзею, што будзем жыць інакш. Цяпер нічога падобнага няма», – перакананы Сяргей Нікалюк, палітолаг.

А можа, з’явіцца? Дарэчы, менавіта надзею Сцяпан Святлоў і абяцае:

«Я спадзяюся крыху зрушыць, нейкі двіж пачаць у гэтым кірунку, таму што пакуль, на жаль, нічога значнага ў беларускім інфармацыйным полі не адбываецца, каб крыху разварушыць людзей, даць ім надзеі на будучыню. Ну і праз год прэзідэнцкія выбары – там будзем глядзець».

А пакуль у пятніцу замест рэвалюцыі на Плошчы блогеры спадзяюцца зладзіць рэвалюцыю ў розумах тых, хто дагэтуль выказваўся ананімна і онлайн.

Вольга Старасціна belsat.eu