БКГ выйшаў у лідары чэмпіянату Беларусі па гандболе


Гандбол

17-ты тур чэмпіянату Беларусі па гандболе сярод мужчынскіх клубаў адкрылі нацыянальныя лідары – БГК імя Мяшкова і менскі СКА ў апошнім сёлетнім вочным процістаянні рэгулярнага сезону. Гэтым разам яны сустрэліся ў горадзе над Бугам, але зноў, як і 16-га снежня ў сталіцы, перамогу святкаваў чэмпіён.

Хаця першы тайм, у адрозненне ад таго снежаньскага менскага двубою, калі была нічыя, цяпер выгулялі менчукі, абышоўшы суперніка на адзін мяч. Госці і адкрылі лік, і вялі за сабою суперніка да шостай хвіліны. Затым некалькі разоў былі наперадзе ў два мячы. Але ў другой палове досвед берасцейцаў ізноў выйшаў на перадавую. Хаця калі на 45-ай хвіліне лік быў 25:20, то хутка скараціўся да мінімуму. Уратаваў тайм-аўт Сяргея Бябешкі на 50-ай хвіліне. БГК перамог 30:27, прапусціўшы на мяч больш, чымся ў Менску, і цяпер менавіта чэмпіёны ўзначалілі турнірную табліцу. Лідарскія пазіцыі на сябе ўзяў сёння расейскі правы паўсярэдні Аляксандр Шкурынскі, які закінуў 8 мячоў – абсалютна найлепшы вынік у гульні. 7-га лютага БГК аднаўляе выступ у Лізе чэмпіёнаў хатнім матчам з дацкім «Ольбарам».

Футбол

Лідар нямецкай футбольнай Бундэслігі – мюнхенская «Баварыя» – зазнала сёння чарговую перамогу, адолеўшы «Майнц 05» на яго полі 2:0 праз мячы Франка Рыбэры ды Хамэса Радрыгеса ўжо ў першым тайме. А вось авангард англійскай Прэм’ер-Лігі «Манчэстэр Сіці» страціў пункты другі раз за апошнія чатыры матчы ды зноў падпусціў да сябе бліжэй «Манчэстэр Юнайтэд».

«Гараджане» свой матч гулялі ў Бэрнлі супраць восьмай на той час аднайменнай каманды і мелі відавочную перавагу. А бліскучы ўдар правага абаронцы манчэстэрцаў, бразільца Данілу Сіўвы на 22-ой хвіліне вывеў наперад лідара сезону. Але ў другой палове госці пачалі крыху здаваць, хаця і мелі дастаткова момантаў. І калі б Рахійм Стэрлінг паставіў нагу на 72-ой хвіліне, пераможцу можна было б абвяшчаць датэрмінова. Але тут «Сіці» не забілі, а праз дзесяць хвілінаў праспалі ладную атаку «Бэрнлі», якую завяршыў ісландскі паўабаронца Ёўган Бэрґ Гюдмюндсан. А пераследнік – «Манчэстэр Юнайтэд» – на сваім полі нанёс паразу «Гадэрсфілд Таўну» 2:0 і вярнуў адставанне ад землякоў на адзнаку 13 пунктаў.