Бізун і пернік супраць эканамічнага росту


Урад Беларусі выдасць немалыя бюджэтныя сродкі, каб падтрымаць стратнае ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне», і рыхтуе такія ж захады для стратных цэментных заводаў. І тут жа на нарадзе з Саветам міністраў Аляксандр Лукашэнка зноўку пагражае турмой дырэктарам стратных прадпрыемстваў. Наколькі карыснае такое кіраванне метадам бізуна і перніка?

Савет міністраў дапаможа сплаціць пазыкі акцыянернаму таварыству «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб‘яднанне», таксама вядомаму, як «Блакіт». Паводле пастановы, падпісанай прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам, Міністэрства фінансаў мае выплаціць палову стаўкі па крэдытах, якія прадпрыемства ўзяла ў «Беларусбанку». Суму не называюць. Вытворца тэкстылю цалкам належыць дзяржаве, і вядома, што пазалетась, у 2017-м, панёс страты амаль у 16,8 мільёнаў рублёў.

«Кіраўніцтва прадпрыемстваў сябе цудоўна адчувае. Правалілі абяцанае, не вярнулі канкрэтна грошы ў бюджэт ці інвестару, а бюджэт за іх мусіць цяпер плаціць і адказваць па пазыках», – так сёння лаяў Аляксандр Лукашэнка «чырвоных дырэктараў», якіх ён сам і прызначыў.

Акурат сёння на той жа нарадзе патрабаванні Лукашэнкі падвысіць эфектыўнасць стратных прадпрыемстваў і чарговыя пагрозы перасаджаць дырэктараў выслухваў Міхаіл Мясніковіч, старшыня верхняй палаты парламенту, адказны за мадэрнізацыю ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае абʼяднанне».

«Хопіць мне ўносіць прапановы па 10 разоў па тых прадпрыемствах, якія раней не выканалі абяцанае. Толькі пасля таго, як кіраўнікі пойдуць у месцы не так далёкія [у турму – заўвага рэдакцыі], мы будзем разглядаць прапановы ў другі і трэці раз», – патрабаваў Лукашэнка ад Мясніковіча, Румаса і іншых чыноўнікаў.

Па выніках гэтага эканамічнага разносу ўрад падрыхтаваў новую прапанову – вылучыць з бюджэту грошы, каб падтрымаць стратныя цэментныя заводы. Паводле віцэ-прэмʼера Турчына, цэмент не прадаваўся, бо ўпалі кошты, і таму інвестыцыі не акупіліся. Тут хіба мозг не ведае, што робіць сэрца, ацэньвае нараду Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага Цэнтру Мізэса:

«Калі Лукашэнка кажа, што трэба пасадзіць дырэктараў стратных прадпрыемстваў, якія не разлічваюцца, то трэба было пасадзіць 5-6 дырэктараў Аршанскага ільнокамбінату, а не даваць ім грошы, як гэта было напрыканцы студзеня».

А што беларусы думаюць пра такі спосаб кіравання: даваць грошы з бюджэту і саджаць дырэктараў? Каментуюць жыхары і госці Гомля:

«Што значыць саджаць? Трэба разабрацца, у чым прычына».

«Калі дырэктар не спраўляецца, трэба здымаць з працы і ўсё».

«Не заўжды дырэктары вінаватыя, што прадпрыемства стратнае».

«А саджаць – што гэта дасць? Так можна ўсіх перасаджаць».

На сёння ў Беларусі амаль няма кваліфікаваных і крэатыўных упраўленцаў на ключавых пасадах, толькі паслухмяныя пешкі, мяркуе Яраслаў Раманчук:

«Беларускія чырвоныя дырэктары насамрэч не зʼяўляюцца дырэктарамі. Яны не маюць аніякіх паўнамоцтваў, гэта людзі, над якімі 10 начальнікаў: канцэрны, холдынгі, міністэрствы, выканкамы, кантрольныя органы».

Таму і мадэрнізацыя буксуе, і інвестыцыі не вяртаюцца.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: / FORUM