Бізун для іншадумцаў


«Краіна для жыцця», ператвораная ў Краіну пераследу іншадумства. Улады адрэагавалі на акцыі блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў традыцыйна – арыштамі і штрафамі. Хроніка рэпрэсіяў – у аглядзе Валеры Руселіка.

Сёння ў Берасці, Віцебску, Глыбокім, Гомлі, Горадні, Жлобіне, Лідзе, Магілёве, Пінску і Стрэшыне сілавікі шукалі і затрымлівалі, а суды разглядалі справы грамадзянаў, якія апошнімі днямі выходзілі на акцыі на знак салідарнасці з берасцейскімі праціўнікамі акумулятарнага заводу, а таксама прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Тыя людзі, якія выходзяць на кармленне галубоў, – гэта людзі, якія не могуць не выходзіць, – кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Алесь Райкан. – У іх ува ўсіх дастаткова розныя мэты, але іх не задавальняе ўлада. Улада, у сваю чаргу, бачыць, што ў людзей з’явіўся дастаткова моцны мабілізацыйны патэнцыял, то бок могуць збірацца і 10, і 20, і 100, і 150 чалавек – і, канешне ж, бачаць у гэтым небяспеку».

У гомельскім ізалятары застаецца і сам Сяргей Ціханоўскі, затрыманы 6 траўня ў Магілёве з удзелам АМАП. У Магілёве ў суд разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі кармлення галубоў пацягнулі і слуцкага блогера Уладзіміра Няронскага.

«За тое, што я прыехаў у Магілёў і ўзяў інтэрвʼю ў людзей, незадаволеных гэтай уладаю, рэжымам – і ўсё. І цяпер нібыта я арганізаваў несанкцыянаваны мітынг», – тлумачыць блогер.

У Пінску распачаўся разгляд справы Анатоля Чэшуіна, затрыманага 3 траўня за мясцовую акцыю кармлення галубоў, арганізаваную на заклік блогера Ціханоўскага. Падсудны з пратаколам і апытаннем, складзеным міліцыянтамі, не пагадзіўся, пасля чаго суд перанёс далейшы разгляд справы на 14 траўня.

«Мне дрэнна, я пад уколамі. Міліцыя змусіла мяне, сказала: мы цябе не адпусцім, пакуль ты не падпішаш нейкіх папераў! Я кажу: я дрэнна бачу. А яны: мы зараз вам прадыктуем!» – узгадвае Чэшуін, які мае праблемы з сэрцам.

У Магілёве ўжо затрымалі прынамсі сем чалавек. Каля будынку суда сілавікі схапілі і праваабаронцу Аляксандра Буракова.

«У дачыненні да мяне вядзецца нейкі адміністратыўны працэс… Гэта абсалютна незаконна, гэта ціск на праваабаронцаў», – паспеў распавесці «Белсату» праваабаронца, пакуль яго вялі да міліцэйскай машыны.

У судзе магілёўцам давалі ад 5 да 10 содняў арышту. Аднак на гэтым рэпрэсіі не скончацца, упэўнены праваабаронца Алесь Райкон:

«Відавочны палітычны падтэкст усіх гэтых дзеянняў. І тое, што галоўны блогер «Краіны для жыцця» Сяргей Ціханоўскі заявіў пра тое, што ён вылучаецца ў прэзідэнты, і тое, што людзі здолелі адбіць некаторых асобаў, – гэта ўсё, канешне, міліцыю ўзлавала. І яны вырашылі вось гэтак прэсануць тых, хто ў гэтай краіне зашмат свабоды сабе дазваляе».

Некалькі чалавек сёння затрымалі і ў Берасці. Пры гэтым аднаму з актывістаў пры затрыманні зламалі палец. Таемна прывозілі ў суд затрыманага два дні таму блогера Сяргея Пятрухіна, разгляд ягонай справы працягнецца 11 траўня. А датуль Пятрухін застанецца за кратамі. Тым часам 15 дзён арышту атрымаў прыхільнік Ціханоўскага ў Гомлі Юрый Уласаў.

«Пужаюць, канешне. Гэта іх козыр, яны па-іншаму працаваць не могуць. У іх савецкія метады», – разважае Валер Рэпнін, аштрафаваны напярэдадні. Таксама за ўдзел у акцыі.

Яшчэ шасцёра чалавек сёння затрымалі ў Лідзе. Сярод іншых на сем содняў арыштаваны мясцовы фельчар Павел Палейчык, які перад гэтым сам прыйшоў у суд, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі напярэдадні. 540 рублёў штрафу ў Віцебску атрымаў Алег Баразна. А ў Горадні міліцыянты схапілі прынамсі двух удзельнікаў акцыі, якія пратэставалі супраць затрымання Ціханоўскага, ды ўвесь дзень палявалі на трэцяга. Актывісту Аляксандру Лаўрэнцьеву далі 7 дзён арышту.

Валеры Руселік, «Белсат»