Бізнесу невыгодна прымаць на працу людзей з інваліднасцю


Несуцяшальны дыягназ – ДЦП – менчуку Рыгору Сасеву паставілі пры нараджэнні. Аднак хвароба не адбілася на ягоных амбіцыях. Маладзён скончыў Каледж лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, авалодаў камп’ютарам і пачаў вывучаць англійскую мову. Найбольшая складанасць чакала наперадзе: працаваць па спецыяльнасці ў вытворчасці абутку не дазволіла медычная камісія.

Рыгор Сасеў, маладзён з інваліднасцю 2-ой групы:

«Далі супрацьпаказанні да гэтай працы. І я не змог. То бок за канвеерам мне нельга працаваць».

Спіс супрацьпаказанняў і сапраўды немалы. У Рыгора другая група інваліднасці. Аднак маладзён мог бы рэдагаваць дакументы, працаваць кур’ерам, пакавальнікам або камплектавальнікам. Толькі вось пры спробах уладкавацца на гэтыя вакансіі яму даводзяць: няма месцаў. Не дапамагае і цэнтр занятасці.

Рыгор Сасеў, маладзён з інваліднасцю 2-ой групы:

«Праз тэлебачанне кажуць: сацыяльна арыентаваная дзяржава. Але якая сацыяльна арыентаваная дзяржава? Што гэта за дзяржава, калі інваліды не маюць магчымасці ўладкавацца?»

Шмат хто наракае і на дзяржаўную праграму адаптацыі. Згодна з ёю, чалавека з інваліднасцю ўладкоўваюць на працу, аднак дамовы па яе сканчэнні, як правіла, з працаўніком не працягваюць. Надзея на новы законапраект, які цяпер распрацоўваюць. Ён мае абавязаць кіраўнікоў кампаніяў браць на працу людзей з інваліднасцю. У суадносінах тры адсоткі ад агульнае колькасці працаўнікоў.

Алег Граблеўскі, юрыст офісу па правах людзей з інваліднасцю:

«У адсотках, якія цяпер абмяркоўвае грамадства, добра гэта ці дрэнна, на мой погляд гэта не мае вялікага значэння, тры гэта будзе, пяць адсоткаў, галоўнае, каб былі створаныя ўмовы, пры якіх людзі з інваліднасцю не былі абмежаваныя ў сваіх правах у параўнанні з іншымі працаўнікамі».

Паводле намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, цяпер працадаўцам сапраўды не зусім выгодна прымаць на працу людзей з інваліднасцю, і прымусовыя захады не развяжуць праблемы. Патрэбная дапамога. Напрыклад, у стварэнні адпаведных умоваў для працы невідушчых або людзей на вазку. Пакуль жа ўсе затраты кладуцца на плечы працадаўцаў.

Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў:

«Павінны быць створаныя нейкія падатковыя ільготы для людзей, якія наймаюць на працу інваліда, заахвочваць гэтых людзей, каб яны стваралі працоўныя месцы. Я агулам станоўча стаўлюся да такога законапраекту, але трэба яго дапрацоўваць, каб ён быў дастасаваны да нармальнай практыкі».

Аднак ці будзе дзеяць закон з прапанаванымі палажэннямі або яго ўдасца дапрацаваць, казаць пакуль рана. На разгляд Палаты прадстаўнікоў законапраект плануюць унесці толькі ў красавіку. А пакуль маем рэчаіснасць, у якой людзі з інваліднасцю, як Рыгор Сасеў, не маюць працы ды атрымліваюць пенсію прыблізна 300 рублёў.

Юлія Лабанава belsat.eu